Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты, пазбаўленыя права на прафэсію ў Беларусі, аб’ядналіся ў асацыяцыю за мяжой


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускія абаронцы, якія празь перасьлед выехалі зь Беларусі, стварылі незалежную асацыяцыю адвакатаў правоў чалавека.

Новую арганізацыю, паведамляе праект «Права на абарону», стварылі, бо «дзясяткі адвакатаў, якіх неправамерна пазбавілі права практыкаваць у сваёй краіне, працягваюць працу як адвакаты правоў чалавека».

У прыватнасьці, яны «вядуць справы ў міжнародных органах, даюць прававую дапамогу і прававыя заключэньні, даюць публічныя прававыя камэнтары і застаюцца прафэсіяналамі, адказнымі за выкананьне місіі адваката».

Мэтамі і задачамі асацыяцыі зьяўляюцца: прадстаўніцтва перад замежнымі калегамі, сумеснае абмеркаваньне агульных праблем і пошук іх вырашэньня, дапамога калегам у Беларусі, нарошчваньне «прафэсійных кампэтэнцый» і падтрыманьне высокіх стандартаў прафэсіі, што, як адзначаецца ў рэлізе, «у будучыні можа стаць асновай для дэмакратычных рэформаў адвакатуры ў Беларусі».

Сыстэматычны ціск на адвакатуру пачаўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года.

З пачатку 2021 году Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзій ня менш як 60 адвакатаў. Ліквідавалі каля 100 адвакацкіх бюро, спынена дзейнасьць каля 400 асобных адвакатаў, раней паведамляў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі вядомы юрыст Дзьмітры Лаеўскі з спасылкай на свае зьвесткі ў верасьні 2022 году.

Інстытут заканадаўча фактычна пазбавіўся незалежнага статусу: з 2021 году адвакаты могуць працаваць толькі пры юрыдычных кансультацыях, загадчыкі якіх прызначаюцца па ўзгадненьні зь Міністэрствам юстыцыі. У 2022 годзе паўнамоцтвы загадчыкаў пашырылі.

Супраць шэрагу адвакатаў завялі крымінальныя справы па палітычных матывах, шэсьць адвакатаў прызнаныя палітвязьнямі.

10 красавіка адваката Аляксандра Данілевіча асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Юрыста абвінавацілі па ч. 1 арт. 3614 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), ч. 3 арт. 361 («заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»).

21 красавіка 2022 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «адвакатура павінна знаходзіцца пад кантролем» і «дзейнічаць паводле закону, а ня нейкіх прыдуманых нормаў — свабоды слова і іншых свабод».

У штомесячным дакладзе (сьнежань 2021-га) праваабарончага цэнтра «Вясна» аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі адзначалася, што ў краіне парушаецца права на справядлівы суд і абарону, адной з праяў чаго праваабаронцы лічаць «перасьлед адвакатаў у выглядзе спыненьня дзеяньня ліцэнзій, дысцыплінарных» спагнаньняў у выглядзе выключэньня з калегіі адвакатаў».

Праваабаронцы расцэньваюць пазбаўленьне працы адвакатаў як прыклад «недапушчальнага ўмяшаньня органаў выканаўчай улады ў дзейнасьць незалежнай адвакатуры».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG