Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва «Права на абарону»: З 2020 году колькасьць адвакатаў у Беларусі зьменшылася на чвэрць


Дзьмітры Лаеўскі, адзін з адвакатаў, якога пасьля 2020 году пазбавілі ліцэнзіі. Архіўнае фота
Дзьмітры Лаеўскі, адзін з адвакатаў, якога пасьля 2020 году пазбавілі ліцэнзіі. Архіўнае фота

Колькасьць абаронцаў у Беларусі скарацілася з 2200 да 1650 чалавек, гаворыцца ў аналізе ініцыятывы «Права на абарону», зробленым на падставе атрыманага ёй агляду практыкі прымяненьня дысцыплінарных спагнаньняў у калегіях адвакатаў за 2022 год.

У справаздачы адзначаецца, што летась да дысцыплінарнай адказнасьці былі прыцягнутыя 74 адвакаты (у 2021-м — 48, 2020-м — 21). З адвакацкіх калегій у 2022 годзе выключылі 27 чалавек: Менскай абласной — 13, Менскай гарадзкой — 9, Горадзенскай абласной — 3, Віцебскай і Гомельскай абласных — па адным.

«Дысцыплінарныя вядзеньні пачыналіся ўсімі тэрытарыяльнымі калегіямі адвакатаў па выніках праверак, а таксама на падставе скаргаў грамадзян, падставе загадаў міністра юстыцыі і лістоў дзяржаўных органаў.

Асобныя сытуацыі, апісаныя ў аглядзе, «сапраўды падобныя на парушэньні правілаў прафэсійнай этыкі адваката», аднак прыводзяцца выпадкі, «калі абгрунтаванасьць прыцягненьня да дысцыплінарнай адказнасьці выклікае сур’ёзныя сумневы».

Так, з калегіі выключылі адвакатку, якая, маючы некалькі спагнаньняў, «нібыта дапусьціла ў судовых спрэчках выказваньні некваліфікаванага, нетактычнага і некарэктнага характару». Іншаму адвакату вынесьлі вымову за спробу адводу судзьдзі на падставе «довадаў, якія насілі характар здагадак і намёкаў».

«Прыцягвалі адвакатаў да адказнасьці і за тое, што яны рабілі нейкую частку працы за меншы ганарар, чым гэта пазначана ў дамове, або „беспадстаўна вызвалялі кліентаў ад выплаты ганарару“, — адзначана ў аналізе. — Мяркуем, што гэтыя пасылы, якія ўкладаюцца ў такую дысцыплінарную практыку тэрытарыяльных калегій адвакатаў, накіраваны на стварэньне ахаладжальнага эфэкту для адвакатаў, якія аказваюць юрыдычную дапамогу ў палітычных справах».

«Відавочна несправядлівае і парушае свабоду выказваньня думак прыцягненьне васьмі адвакатаў да спагнаньняў у выглядзе вымоваў за падпісаньне „Звароту беларускіх адвакатаў і юрыстаў адносна вайны ва Ўкраіне“. Адвакаты выказалі сваю пазыцыю адносна важнай грамадзка-палітычнай падзеі, аднак кіраўніцтва Менскай гарадзкой і Менскай абласной калегій палічыла, што такім чынам адвакаты „распаўсюдзілі ў інтэрнэце недакладную інфармацыю“», — падкрэсьлена ў дакумэнце.

«Права на абарону» зьвяртае ўвагу на практыку прыцягненьня адвакатаў да дысцыплінарнай адказнасьці за сапраўды або ўяўна ўчыненыя імі адміністрацыйныя правапарушэньні. Так, з калегій выключылі ўсіх юрыстаў, якіх судзілі паводле артыкулаў аб «дробным хуліганстве», «непадпарадкаваньні законнаму патрабаваньню службовай асобы» або «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Летась за адміністрацыйныя правапарушэньні да дысцыплінарнай адказнасьці прыцягнулі 19 адвакатаў, зь якіх 11 — нібыта за «непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў».

Да 2020 году фактаў накладаньня на адвакатаў спагнаньняў паводле арт. 24.3 КаАП не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG