Тое, пра што да вайны мы маглі не задумвацца ці ўва што ня верылі, стала цяпер значна больш відавочным. Адна з такіх падзей — чарнобыльская катастрофа 1986 году.
Галоўнай ахвярай найбольш жахлівай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва сталася менавіта Беларусь: на яе выпала да 70% радыяактыўных ападкаў, забрудзіўшы 23% тэрыторыі краіны.
Майму пакаленьню часам было складана адчуць на сабе ўсю бесчалавечную сутнасьць і цынізм савецкага рэжыму, якія насамрэч толькі ўзмацніліся пасьля распаду СССР, калі постсавецкага чалавека перасталі хоць неяк стрымліваць рэшткі камуністычных ідэалаў і «хімэры пад назвай мараль і сумленьне».
І вайна ва Ўкраіне дадаткова нагадала пра гэта — зь відовішчамі «мясных атак», заградатрадаў, зьнішчэньня цывільных жыхароў, СМЕРШам і жахлівымі расправамі на камэру — усім самым жахлівым, што мы чыталі ва ўспамінах пра Другую сусьветную і сталінскі стыль вядзеньня вайны.
Расейскім салдатам на першым этапе вайны нават загадалі рабіць умацаваньні ў чарнобыльскай зоне — акопвацца ў сьмяротна небясьпечнай радыяактыўнай чарнобыльскай глебе.
Пуцінскі рэжым ваюе за аднаўленьне СССР і, па сутнасьці, за паўтарэньне чарнобыльскай катастрофы. Бо СССР — гэта Чарнобыль. А Чарнобыль — гэта СССР і апатэоз савецкасьці.
Амаль усе абставіны, зьбег якіх прывёў да чарнобыльскай катастрофы, маюць сваёй крыніцай савецкі рэжым, які гвалтам прыйшоў на Беларусь з Расеі ў канцы 1918 году.
Чарнобыль — гэта савецкае гаспадараньне, савецкая абыякавасьць, савецкі валюнтарызм. Саветы пабудавалі Чарнобыльскую АЭС з тымі праектнымі хібамі, якія прывялі да катастрофы. Саветы, з тыповымі адначасовымі фармалізмам і абыякавасьцю да правілаў, рабілі выпрабаваньні з парушэньнем правілаў бясьпекі.
Саветы выганялі людзей на першамайскія дэманстрацыі пад радыяактыўныя ападкі. Саветы хлусілі і замоўчвалі катастрофу, пакуль пра яе не паведамілі заходнія эўрапецы. Саветы асаджалі радыяактыўныя хмары на Магілёўшчыну, на галовы беларусам, каб гэтыя хмары не пайшлі на Маскву.
У дэмакратычнай краіне Чарнобыль, хутчэй за ўсё, ня здарыўся б.
І так, Фукусіму нельга параўноўваць з Чарнобылем. Па Чарнобылі не ўдаралі моцны землятрус і цунамі: катастрофа здарылася падчас ціхай ночы пасьля спакойнага сонечнага красавіцкага дня. Перад аварыяй АЭС на Фукусіме прапрацавала 40 гадоў, а Чарнобыльская АЭС — усяго 9 гадоў. У выніку чарнобыльскай катастрофы ў атмасфэру было выкінута ў дзесяць разоў больш радыяцыі, чым у выніку аварыі на АЭС Фукусімы.
Расея абавязкова будзе плаціць рэпарацыі Ўкраіне за цяперашнюю вайну.
А ці будзе яна як юрыдычны пераемнік СССР (хіба хтось прымушаў браць на сябе гэтую пераемнасьць у 1991 годзе?) плаціць Беларусі кампэнсацыі за тое, што чвэрць беларускай тэрыторыі забруджаная радыяцыяй у выніку расейскага савецкага гаспадараньня?
За ўжо цяпер амаль трыццаць гадоў прарасейскага лукашэнкаўскага рэжыму, які быў усталяваны і трымаецца выключна дзякуючы падтрымцы з Масквы і які асвойвае чарнобыльскую зону, перасьледуе эколягаў, якія крытыкуюць гэтую чарнобыльскую палітыку. Які самавольна, непразрыста і без публічнага абмеркаваньня пабудаваў расейскімі рукамі патэнцыйна небясьпечную Астравецкую АЭС.
За шматлікіх маіх беларускіх знаёмых і фрэндаў на Facebook, якія хварэюць ці перахварэлі на рак. За маіх беларускіх дзеда і бабу, якія заўчасна памерлі ад раку.
Давайце не забываць пра гэта. Час для таго, каб падняць гэтае пытаньне ўсур’ёз, абавязкова настане.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.