«Так, кіруючая партыя прыйшла да высновы, што выхад Паўднёвай Афрыкі з МУС стане разважлівым крокам», — сказаў Рамафоса на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Фінляндыі, які прыехаў у краіну зь візытам.
У мінулым месяцы Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Гэта азначала, што Прэторыя, якая сёлета прымае саміт BRICS (зьвяз пяці дзяржаў: Бразыліі, Расеі, Індыі, КНР, ПАР), мусіла б затрымаць Пуціна пасьля прыбыцьця на сустрэчу ў жніўні.
Паводле інфармацыі расейскага дзяржаўнага агенцтва ТАСС, пра рашэньне «Афрыканскага нацыянальнага кангрэсу» Рамафоса расказаў у кантэксьце сытуацыі з Пуціным, адзначыўшы, што ўлады краіны працягваюць вывучаць пытаньне. Прадстаўнік прэзыдэнта ПАР заўважыў у размове з ТАСС, што для выхаду зь Міжнароднага крымінальнага суду неабходна адпаведнае рашэньне нацыянальнага парлямэнту, а ў ніжняй палаце парлямэнту партыя мае большасьць.
Прэторыя мае шчыльныя стасункі з Масквой, гісторыя якіх налічвае дзесяцігодзьдзі. Крэмль у свой час падтрымліваў барацьбу «Афрыканскага нацыянальнага кангрэсу» супраць рэжыму апартэіду.
Пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым летась ПАР публічна не асудзіла дзеяньні Масквы, заявіўшы, што хацела б захаваць нэўтралітэт і аддае перавагу дыялёгу з мэтай завяршэньня збройнага канфлікту. Па словах Рамафосы, ПАР заняла пазыцыю недалучэньня, каб гарантаваць сваю ролю пасярэдніка, і ён некалькі разоў размаўляў з Пуціным і настойваў на неабходнасьці перамоваў.
Ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна Міжнародны крымінальны суд выдаў пасьля абвінавачаньняў на адрас Крамля аб незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Генэральны сакратар кіруючай у ПАР партыі Фікіле Мбалула заяўляў, што «Пуцін можа прыехаць у краіну ў любы час». «МКС служыць інтарэсам ня ўсіх, а толькі нямногіх», — падкрэсьліваў Мбалула.
Адначасова СМІ адзначае, што Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка ўжо ня першы раз спрабуе выйсьці з МКС. У 2016 годзе спроба была зроблена пасьля спрэчкі годам раней, калі ПАР для ўдзелу ў саміце Афрыканскага Саюзу наведаў тагачасны прэзыдэнт Судану Амар аль-Башыр. Прэторыя адмовілася арыштоўваць аль-Башыра, ордэр на арышт якога выдаў Міжнародны крымінальны суд па абвінавачаньнях у ваенных злачынствах. Спрэчнае рашэньне аб выхадзе было адменена пасьля пастановы мясцовага суду, які пастанавіў, што такі крок стаў бы неканстытуцыйным.
Расея не прызнае юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суду і ня ўдзельнічае ў яго працы. Масква не зьяўляецца ўдзельнікам Рымскага статута, які вызначае дзеяньні суду, з 2016 году.