Экспэрты ЭАБР лічаць, што ў Беларусі «нарастае тэндэнцыя аднаўленьня эканамічнай актыўнасьці». Аналітыкі прыводзяць у прыклад аднаўленьне аб’ёмаў прамысловай вытворчасьці, дзе рост у I квартале склаў 1,8%, павелічэньне вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі на 3%, паляпшэньне дынамікі аптовага гандлю — па выніках кварталу тэмпы падзеньня замарудзіліся (з −13,3% у студзені-лютым да −5,6% у студзені–сакавіку).
Паводле дадзеных Белстату, аб’ём грузаперавозак у першым квартале зьнізіўся на 32% да аналягічнага леташняга пэрыяду.
Апошнія чатыры гады грузаабарот транспарту нязьменна памяншаўся: у 2019 годзе — на 5,8%, 2020-м — на 5,9%, 2021-м — на 3,6%, 2022-м — на 25,4% (разам — на 36,2%).
У студзені–сакавіку арганізацыі ўсіх формаў уласнасьці пабудавалі 8,7 тыс. новых кватэр — на 26,8% менш, чым за аналягічны пэрыяд 2022-га.
Крызіс у IT-сфэры экспэрты прадказвалі яшчэ з 2020 году, калі пад уплывам надзвычайнай палітычнай сытуацыі пачаўся працэс рэлякацыі высокатэхналягічных кампаній зь Беларусі.
Па выніках 2021-га ІТ-сэктар дадаў да дынамікі ВУП 0,7%. Сытуацыя прыкметна зьмянілася ў канцы 2022-а, калі экспэрты зафіксавалі «адмоўны ўнёсак» гэтай галіны. Усяго па выніках мінулага году ўнёсак сэктару «Інфармацыя і сувязь» у дынаміку ВУП склаў −0,2%, а па выніках студзеня–лютага гэтага году дасягнуў −1%.
Адначасова скарачаецца і доля сэктару «Інфармацыя і сувязь» у ВУП. Калі ў 2021 годзе яна складала 7,4%, то ў 2022-м зьнізілася да 6,6%, а ў студзені — лютым 2023-а — да 5,9%. Летась IT-сэктар краіны пакінула больш як 17 тысяч работнікаў, адток працягваецца і сёлета.