Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Кітаю выказала павагу сувэрэнітэту краін былога СССР пасьля скандальнай заявы пасла ў Парыжы


Пасол Кітаю ў Парыжы Лу Шае
Пасол Кітаю ў Парыжы Лу Шае

Амбасада Кітаю ў Францыі выдаліла з акаўнту WeChat стэнаграму інтэрвію, у якім пасол паставіў пад сумнеў незалежнасьць постсавецкіх краін.

Афіцыйная прадстаўніца МЗС КНР Мао Нін заявіла, што Кітай паважае сувэрэнны дзяржаўны статус краін былога Савецкага Саюзу.

«Кітай паважае сувэрэнны дзяржаўны статус рэспублік-удзельніц пасьля распаду Савецкага Саюзу», — сказала яна, як перадае Bloomberg.

Мао Нін падкрэсьліла прыхільнасьць Кітая прынцыпам Статуту ААН. Паводле яе, КНР паважае сувэрэнітэт, незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць усіх краін. Яна таксама нагадала, што пасьля распаду СССР Кітай у першых шэрагах пасьпяшаўся ўстанавіць дыпляматычныя адносіны з новымі дзяржавамі.

«З моманту ўстанаўленьня дыпляматычных адносін Кітай заўсёды прытрымліваўся прынцыпу ўзаемнай павагі і роўнасьці ў мэтах разьвіцьця двухбаковых адносін дружбы і супрацоўніцтва», — дадала яна.

Тым часам, як піша Bloomberg.com, амбасада Кітаю ў Францыі выдаліла стэнаграму супярэчлівага інтэрвію, у якім кітайскі амбасадар Лу Шае ставіў пад сумнеў незалежнасьць дзяржаў былога Савецкага Саюзу, што выклікала абурэньне ўсёй Эўропе.

Амбасада першапачаткова апублікавала поўную стэнаграму выказваньняў амбасадара Лу Шае на кітайскай і францускай мовах у сваім афіцыйным акаўнце WeChat у панядзелак раніцай. Аднак апоўдні паводле пэкінскага часу стэнаграму выдалілі са спасылкамі, у якіх гаварылася, што зьмест «быў выдалены аўтарам». Інтэрвію таксама не апублікавалі на афіцыйным сайце амбасады.
У інтэрвію францускай тэлекампаніі LCI, якое выйшла ў пятніцу, Лу сказаў, што некаторыя «краіны былога Савецкага Саюзу» ня маюць эфэктыўнага статусу ў адпаведнасьці зь міжнародным правам.

Гэтыя камэнтары выклікалі гнеў краін Балтыі — Эстоніі, Латвіі і Літвы, якія заявілі, што выклічуць кітайскіх дыпляматаў у сваіх сталіцах, каб растлумачыць выказваньні Лу. Галоўны дыплямат ЭЗ Жузэп Бурэль назваў заяву «непрымальнай».

Што сказаў кітайскі амбасадар і якая была рэакцыя на яго выступ

Тэлежурналіст Дарыюс Рашэбэн у этэры каналу навін La Chaîne Info папрасіў пасла растлумачыць яго пазыцыю па Крыме, проста адказаўшы на пытаньне, ці належыць тэрыторыя паўвострава Ўкраіне.

«Гэта залежыць ад таго, як вы ўспрымаеце праблему», — адказаў дыплямат і дадаў, што Крым быў «расейскім першапачаткова», пасьля чаго Мікіта Хрушчоў перадаў яго Ўкраіне.

На пярэчаньне журналіста, што міжнароднае права прызнае Крым як тэрыторыю Ўкраіны, Лу Шае заявіў, што дзяржавы з постсавецкай прасторы нібыта ня маюць статусу ў дзейным міжнародным праве, паколькі «няма міжнароднага пагадненьня, якое канкрэтызавала б іх статус як сувэрэнных краін».

На заявы кітайскага дыплямата імгненна адрэагаваў пасол Украіны ў Францыі Вадзім Амельчанка.

«Або ёсьць відавочныя праблемы зь геаграфіяй. Альбо такія заявы ідуць насуперак з пазыцыяй кітайскай сталіцы «адносна намаганьняў па аднаўленьні міру ва Ўкраіне на аснове міжнароднага права, мэтаў і прынцыпаў Статуту ААН», — напісаў украінскі прадстаўнік у сваім Twitter.

У сваю чаргу кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што інтэрвію кітайскага дыплямата выдатна тлумачыць, чаму Пэкін ня можа быць пасярэднікам у перамовах па ўсталяваньні міру ва Ўкраіне.

«Калі камусьці ўсё яшчэ цікава, чаму краіны Балтыі не давяраюць Кітаю як „пасярэдніку ў дасягненьні міру ва Ўкраіне“, дык вось — кітайскі пасол, які сьцьвярджае, што Крым зьяўляецца расейскім, а межы паміж нашымі краінамі ня маюць ніякіх прававых падстаў», — напісаў кіраўнік дыпляматычнага ведамства.

Расейская анэксія Крыму

Паўвостраў Крым, які Расея анэксавала ў 2014 годзе, належыць Украіне згодна зь міжнародным правам. Расея доўга валодала паўвостравам, але не выпадае казаць аб тым, што так было спрадвеку. У розныя стагодзьдзі паўвостраў належаў розным дзяржавам, мяняўся і этнічны склад насельніцтва, як натуральным, так і гвалтоўным чынам. Часткай Расеі Крым упершыню стаў толькі ў 1783 годзе.

Расея русыфікавала паўвостраў, аднак на ім дзейнічала як украінская грамада, так і арганізацыі іншых народаў, якія яго насялялі — крымскіх татараў, габрэяў, баўгараў, караімаў, армянаў і іншых. Пры кіраўніку СССР Хрушчову Крымскую вобласьць перадалі Ўкраінскай ССР, пры гэтым у склад РСФСР перадалі частку іншых тэрыторый, забраўшы іх ва УССР.

Рэспубліка Беларусь, нягледзячы на словы Лукашэнкі пра жаданьне прыехаць у Крым і іншыя заявы і дзеяньні ў падтрымку расейскай інвазіі ва Ўкраіну, афіцыйна Крым часткай Расеі не прызнала. Супраць Масквы за анэксію Крыму і акупацыю часткі іншай тэрыторыі Ўкраіны ўвялі міжнародныя санкцыі. Абмежаваньні ўвялі і супраць Менску за дапамогу расейцам у вайне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG