Агенцтва Белта паведамляе, што ў Менску праходзіць антыфашысцкі форум, яго пленарнае пасяджэньне адбудзецца 22 красавіка ў Беларускім дзяржаўным музэі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Пра гэта агенцтву паведамілі ў ЦК КПБ.
Белта піша, што арганізатарамі форуму выступілі ЦК Кампартыі Беларусі, Кампартыя Расеі і Саюз камуністычных партыяў-КПСС.
Сайт Кампартыі Беларусі паведамляе, што на форум ужо прыехалі лідэры кампартыяў Армэніі Ерджанік Казаран, Грузіі — Тэмур Піпія, Кіргізстану — Ырысбек Тайбекаў, Расеі — Генадзь Зюганаў.
Паведамляецца таксама аб прыбыцьці на форум прадстаўнікоў камуністычных партыяў Нямеччыны, Вугоршчыны і Партугаліі. Прадстаўнікі партыяў шэрагу краінаў возьмуць удзел у форуме празь відэасувязь.
Пленарнае пасяджэньне форуму пройдзе заўтра, у дзень нараджэньня Ўладзіміра Леніна.
Агенцтва BPN нагадвае, што 15 сакавіка на сустрэчы з прэм’ер-міністрам РФ Міхаілам Мішусьціным старшыня ЦК КПРФ Зюганаў заявіў, што Аляксандар Лукашэнка «адгукнуўся на просьбу» правесьці ў Менску «антыфашысцкі форум», які, паводле яго, стане «сусьветным форумам барацьбы супраць нацызму і фашызму».