Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампартыя Кітаю ўхваліла рэзалюцыю аб вядучай ролі Сі Цзіньпіна


Си Цзіньпін
Си Цзіньпін

ЦК Кампартыі Кітаю падтрымаў дакумэнт, у якім кіраўнік КНР ставіцца ў адзін шэраг з Мао Цзэдунам і Дэн Сяопінам

Тым самым партыя падрыхтавала шлях для пераабраньня Сі Цзіньпіна на трэці тэрмін, адзначае DW.

ЦК Кампартыі Кітаю ўзьвёў старшыню КНР Сі Цзіньпіна на адну прыступку з двума найбуйнейшымі камуністычнымі лідэрамі краіны — Мао Цзэдунам і Дэн Сяопінам. У чацьвер, 11 лістапада, 370 чальцоў ЦК КПК па выніках чатырохдзённага пасяджэньня прынялі «гістарычную рэзалюцыю», у якой замацоўваецца «вырашальны ўнёсак» Сі Цзіньпіна ў працэс «вялікага адраджэньня кітайскай нацыі» і неабходнасьць падтрымаць яго як «ядро партыі».

ЦК КПК заклікаў кітайцаў згуртавацца вакол Сі Цзіньпіна

У доўгім дакумэнце ўтрымліваецца заклік да адстойваньня «правільнага погляду на гісторыю партыі», паведаміла агенцтва Сіньхуа. Рэзалюцыя заклікае «ўсю партыю, усё войска і людзей усіх этнічных групаў» згуртавацца вакол Сі Цзіньпіна, ідэалёгія якога зьяўляецца «ўвасабленьнем кітайскай культуры і душы».

Паказаныя дзяржаўным тэлеканалам CCTV кадры сьведчаць аб тым, што чальцы ЦК КПК галасавалі за рэзалюцыю ўзьняцьцем рук у прысутнасьці Сі Цзіньпіна. «З улікам партыйных патрабаваньняў, якія датычацца дысцыпліны і ляяльнасьці, наступствы для любога чальца партыі, які прагаласаваў бы супраць рэзалюцыі, былі б катастрафічныя», — адзначыў у інтэрвію Reuters дацэнт паліталёгіі Пэкінскага ўнівэрсытэту Ян Чаохуэй.

У сваю чаргу, экспэрт у кітайскай палітыцы Цэнтру міжнародных і стратэгічных дасьледаваньняў у Вашынгтоне Джуд Бланшэт заявіла Reuters аб «падобных да культу асобы характарыстыках» прынятага ЦК КПК дакумэнта.

Падобныя дакумэнты прымаліся раней толькі двойчы

Гэта толькі трэці дакумэнт такога кшталту за 100-гадовую гісторыю Кампартыі Кітаю пасьля аналягічных рэзалюцыяў, прынятых у 1945 годзе ў дачыненьні да Мао Цзэдуна і ў 1981 годзе ў дачыненьні да Дэн Сяопіна.

Як чакаецца, рэзалюцыя ўмацуе ўладу кітайскага лідэра і адкрые яму пэрспэктыву трэцяга тэрміну на чале кітайскай дзяржавы ці нават пажыцьцёвага кіраваньня, адзначае агенцтва dpa са спасылкай на апытаных экспэртаў.

У 2018 годзе Камуністычная партыя Кітаю скасавала абмежаваньне на займаньне вышэйшых дзяржаўных і партыйных пасадаў і зрабіла магчымым кіраваць дзяржавай і партыяй на працягу больш як двух тэрмінаў.

Як чакаецца, паўнамоцтвы Сі Цзіньпіна будуць падоўжаныя ў 2022 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG