Пра гэта кампанія паведаміла ў сваёй прамежкавай справаздачы за першы квартал 2023 году, піша Office Life. У прыватнасьці, там пацьверджана, што кампанія спыніла працэс продажу заводу з прычыны ўведзенай летам 2022 году забароны на адчужэньне акцый.
Штраф у 12,2 млн эўра, які выпісаў у лютым «Лідзкаму піву» Камітэт дзяржкантролю, будзе выплачаны ў другім квартале 2023 году. У канцы сакавіка Ленінскі суд Менску адхіліў апэляцыю Olvi на рашэньне Дзяржкантролю, і хоць судовы працэс працягваецца, суму штрафу ўжо ўключылі ў прамежкавую справаздачнасьць за першы квартал.
У справаздачы канцэрн Olvi адзначае, што «штраф значна паўплываў на грашовую плынь» і «абцяжарыў апэрацыйныя вынікі» холдынгу як у Беларусі, так і ў цэлым: у абодвух выпадках зафіксаваныя мінусы — €6,1 млн і €2,2 млн адпаведна. Таксама ўдакладняецца, што беларуская «дачка» працуе «незалежна ад фінансавай падтрымкі матчынай кампаніі», і штраф будуць сплачваць «зь мясцовых актываў», што «значна скароціць грашовыя актывы», але «дзейнасьць працягнецца».
У цэлым за кошт росту продажаў у першую чаргу піва (у фізычных велічынях — на 21,6% да першага кварталу 2022 году) і росту цэнаў выручка «Лідзкага піва» павялічылася на 49,6% — да 28,8 млн эўра. Для параўнаньня: па ўсім холдынгу, які прадаў прадукцыі на 129,5 млн эўра, прырост склаў 24,6%.
- Завод у Лідзе існуе з 1876 году. Паводле Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, гэта найстарэйшы бровар на тэрыторыі краіны. Фінскі холдынг Olvi plc валодае «Лідзкім півам» з 2008 году. Кампаніі належыць 96,4% акцыяў. Таксама фіны маюць свае актывы ў Эстоніі, Латвіі і Літве.
- У сакавіку 2022 году, праз дапамогу Лукашэнкі Расеі з ваенным уварваньнем ва Ўкраіну, Olvi заявіла, што пачынае згортваць свой бізнэс і шукае пакупніка на актыў у Лідзе. Але спачатку кампаніі не ўдалося знайсьці пакупніка на завод ва ўмовах міжнародных эканамічных санкцый супраць Рэспублікі Беларусь, а затым урад заканадаўча акрэсьліў сьпіс прадпрыемстваў, якія належаць замежным уладальнікам і якім забаронена іх прадаваць.