Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 20 красавіка: крымінальная справа на жонку вакаліста «Бан-Жвірбы»; затрыманьні на Берасьцейшчыне

абноўлена

Дзьмітры і Вікторыя Гаўрыліны. Архіўнае фота
Дзьмітры і Вікторыя Гаўрыліны. Архіўнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Супраць Вікторыі Гаўрылінай завялі крымінальную справу

Дзьмітрыя і Вікторыю Гаўрыліных затрымалі ў Гомлі 27 студзеня, але падрабязнасьці іх перасьледу сталі вядомыя толькі цяпер зь сюжэту АНТ, адзначаюць праваабаронцы «Вясны». На дзяржаўным тэлеканале паказалі і відэа з жанчынай. Паведамлялася, што паводле арт. 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») Дзьмітрыя арыштоўвалі агулам на 30 дзён, але ён ужо на волі.

А супраць Вікторыі завялі крымінальную справу, саму яе зьмясьцілі пад варту. У сюжэце АНТ яе абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў, падпісках на нібыта «экстрэмісцкія» каналы, зьліве зьвестак пра сілавікоў, удзеле ў пляне «Перамога», фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці. Супраць яе завялі справу паводле

  • арт. 243 КК («Ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў»),
  • арт. 361-2 КК («Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці»),
  • арт. 203-1 КК («Незаконныя дзеяньні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных»).

Дзьмітры Гаўрылін — дырэктар Гомельскага маторарамонтнага заводу, вакаліст этна-гурту «Бан-Жвірба», Вікторыя Гаўрыліна — прадпрымальніца. Яны таксама вядомыя як танцоры.

У Берасьцейскай вобласьці затрымалі траіх чалавек пасьля «рэйда» сілавікоў

Затрымалі сама меней адну жанчыну і двух мужчын, паведамляе «Вясна». У аднаго затрыманага выявілі на старонцы «ЎКантакце» выявы з нацыянальнай сымболікай. Жанчыну затрымалі за рэпост публікацыі з тэлеграм-каналу «Белсат».

Яшчэ ў аднаго хлопца знайшлі ў тэлефоне ў прыватным ліставаньні рэпост з тэлеграм-канала Nexta. Хлопец паведамляе, што яго маці таксама затрымалі міліцыянты.

У Пружанах на прадпрыемствах шукаюць людзей, што маюць родных ва Ўкраіне

Па інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», гэта пачалося прыкладна два тыдні таму. Праваабаронцам вядома, што як мінімум аднаго чалавека звольнілі, бо знайшлі ў яго сваякоў ва Ўкраіне.

Мінінфарм заблякаваў сайт зь беларускімі аўдыёкнігамі

Міністэрства інфармацыі заблякавала сайт-навігатар па аўдыёкнігах на беларускай мове і беларускіх аўтараў audiobooks.by, зьвярнула ўвагу «Наша Ніва». Па словах аднаго з адміністратараў, ніякіх папераджальных лістоў ад уладаў яны не атрымлівалі. Блякаваць іх пачалі на мінулым тыдні.

На рэсурсе можна знайсьці аўдыёкніжкі сучасных аўтараў, а таксама клясыку і дзіцячыя творы ў аўдыёфармаце. На сайце няма кніг, але ёсьць спасылкі на сайты, дзе іх можна паслухаць ці набыць. У Беларусі сайт даступны толькі з дапамогай VPN.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG