Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мабільным апэратарам дазволяць выдаваць пазыкі насельніцтву на суму ня больш за 7400 рублёў


Старшыня праўленьня Нацыянальнага банка Павал Калавур. Архіўнае фота
Старшыня праўленьня Нацыянальнага банка Павал Калавур. Архіўнае фота

Апэратары сотавай сувязі атрымаюць права выдаваць грамадзянам пазыкі на спажывецкія патрэбы, заявіў старшыня праўленьня Нацыянальнага банка Павал Калавур на сумесным пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

Па словах Калавура, адпаведны праект указу ўжо падрыхтаваны, паведамляе БелТА.

«Падрыхтаваны праект указу, які дае права апэратарам сотавай сувязі выдаваць нашым грамадзянам пазыкі на спажывецкія патрэбы ў суме, якая не перавышае 200 базавых велічынь», — расказаў Павал Калаур.

Паводле банкіра, такая мера павысіць доступ фізычных асоб да фінансаў і выведзе мікрафінансаваньне на новы ўзровень, які «адпавядае цяперашнім рэаліям».

Сярод інашага, на сумесным пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі 19 красавіка старшыня Нацбанку Беларусі заявіў аб «мінімізацыі нэгатыўнага ўплыву санкцый».

Паказчыкі, якія характарызуюць узровень рызыкі і ўстойлівасьць дзейнасьці некрэдытных фінансавых арганізацый заставаліся на «прымальным узроўні», заявіў Калавур:

«Комплексная праца ў абмежаваньні сыстэмных рызык, забесьпячэньні ўстойлівай работы банкаў і іншых фінансавых арганізацый садзейнічала мінімізацыі нэгатыўнага ўплыву эканамічных санкцый. Па выніках 2022 года выкананы асноўныя нарматывы бясьпечнага функцыянаваньня банкаў. Паказчыкі, якія характарызуюць узровень рызыкі і ўстойлівасьць дзейнасьці некрэдытных фінансавых арганізацый, таксама заставаліся на прымальным узроўні», — цытуе выступ Калавура БелТА.

Калавур падкрэсьліў, што ў Беларусі забясьпечылі бесьперапыннасьць плацяжоў, функцыянаваньне праграмна-тэхнічных комплексаў і інфармацыйнай бясьпекі ў плацежных сыстэмах.

Інфляцыя і падзеньне эканамічнай актыўнасьці ў Беларусі

Зьніжэньне попыту на валюту, мінімальны прыток тэрміновых рублёвых укладаў (без уліку працэнтаў і налічэньня сямейнага капіталу) і ўмераны рост крэдытаваньня на фоне даступнасьці растэрміновак і зьніжэньня працэнтных ставак «ускосна сьведчаць аб зьніжэньні ўзроўню дабрабыту беларусаў».

Такую выснову робіць дасьледчы цэнтар BEROC у экспрэс-аналізе «Эканамічная актыўнасьць і інфляцыя ў Беларусі».

Інфляцыя ў Беларусі паскорылася з 0,8% у студзені да 1,3% у лютым 2023 году, і цэны працягнуць расьці ў наступныя месяцы, прагназуе BEROC, адзначаючы паступовае аднаўленьне росту базавага індэкса спажывецкіх цэнаў пасьля «ручнога» зьніжэньня ў кастрычніку — лістападзе 2022 году.

Аб’ём інвэстыцый крыху зьнізіўся ў лютым 2023 году ў параўнаньні са студзеньскім узроўнем.

Розьнічны таваразварот у лютым крыху павялічыўся, аднак прырост істотна запаволіўся. Павышэньня заробкаў з кастрычніка 2022-га ва ўмовах скарачэньня занятасьці пакуль «недастаткова для разгону спажывецкага попыту, узровень якога прыкметна адстае ад даваеннага», — адзначаюць экспэрты.

28 лістапада 2022 году Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў найважнейшыя парамэтры прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2023 год, згодна зь якімі прырост ВУП заплянаваны на ўзроўні 3,8%, рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — 4,1%, інвэстыцый у асноўны капітал — 22,3%, экспарту тавараў і паслугаў — 5,5%.

Інфляцыя заплянаваная на ўзроўні 7–8% паводле ўказу і 6% — паводле плянаў ураду.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG