Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх айцішнікаў, якія зьехалі за мяжу, выклікаюць у камісію па занятасьці


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускім праграмістам сталі прыходзіць лісты з рэкамэндацыямі зьвярнуцца ў камісію па занятасьці і пацьвердзіць, што яны працуюць, аформіцца рамесьнікамі або перанавучыцца, з гарантыяй працаўладкаваньня, паведамляе dev.by.

Адзін з атрымальнікаў, які вымушана звольніўся з БДУ пасьля спусканьня ад уладаў ва ўнівэрсытэт «сьпісу непажаданых супрацоўнікаў» і са жніўня 2022 году жыве за мяжой, расказаў выданьню, што ў лісьце камітэт працы Менскага гарвыканкаму прапануе яму «перанавучаньне і гарантаванае працаўладкаваньне».

Іншы атрымальнік рассылкі — дызайнэр, які не жыве ў Беларусі ўжо 3 гады, — даведаўся ад бацькоў, што па месцы прапіскі ў Беларусі яму прыйшоў ліст «з рэкамэндацыяй аформіцца як рамесьнік і плаціць падатак».

Тэставальніца, якая пераехала ў Літву год таму, таксама атрымала ліст з рэкамэндацыяй зьвярнуцца ў «дармаедзкую» камісію і расказаць пра «цяжкую жыцьцёвую сытуацыю», піша выданьне.

Яшчэ адзін чытач атрымаў SMS на беларускі нумар з рэкамэндацыяй зьвярнуцца ў камісію па занятасьці.

«Ліст прыйшоў літаральна сёньня, — напісаў dev.by яшчэ адзін чытач. — Я патэлефанаваў па нумарв, указаным у лісьце, мяне пазначылі як не занятага ў эканоміцы. Чамусьці папярэдзілі пра магчымыя праблемы на мяжы, бо гэтую базу бачыць Памежны камітэт. Выразнага адказу, чаму ў мяне будуць праблемы і якія, не далі».

Журналісты выданьня патэлефанавалі ў камісію занятасьці аднаго з раёнаў Менску, але там ім адказалі, што праблем зь перасячэньнем мяжы быць ня можа, а вось «камуналку» праз 30 дзён з таго моманту, як чалавек пакінуў Беларусь, яму будуць налічваць па поўным тарыфе.

Згодна з пастановай ураду Беларусі № 166, з сакавіка 2022 году грамадзяне, якія выехалі за межы Беларусі на тэрмін больш за 30 дзён і не занятыя ў эканоміцы, абавязаны аплочваць жыльлёва-камунальныя паслугі ў поўным аб’ёме. Выключэньне — калі чалавек працуе ў краінах ЭАЭС (Расеі, Казахстане, Кіргізстане або Армэніі). Калі рэлякант не зьяўляецца ўласьнікам жыльля, патрабаваньне аплочваць «камуналку» цалкам на яго не распаўсюджваецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG