Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У банках будуць патрабаваць пашпарт, зьмяняецца стаўка рэфінансаваньня, даражэюць цыгарэты. Усе зьмены красавіка ў Беларусі


Сабралі асноўныя зьмяненьні і новаўвядзеньні ў Беларусі з 1 красавіка 2023 году.

Стаўка рэфінансаваньня

З 3 красавіка ў Беларусі зьніжаецца стаўка рэфінансаваньня. Нацбанк краіны вырашыў зьнізіць яе з 11 да 10, 5% гадавых. Такім чынам, павінны патаньнець крэдыты, прывязаныя да яе.

Таксама на 0, 5% зьменшацца і стаўка па крэдыце овэрнайт — з 12 да 11, 5%, і стаўка па дэпазыце овэрнайт — з 10 да 9, 5%.

У банках пачнуць патрабаваць пашпарт

З 1 красавіка шэраг банкаў Беларусі будзе патрабаваць пашпарт кліента пры ўнясеньні ў касах на рахунак наяўных грошай на суму 50 і больш базавых велічынь (ад 1850 беларускіх рублёў) у адпаведнасьці са сьнежаньскай пастановай Нацбанка аб выяўленьні падазроных фінансавых апэрацый.

Ініцыятыву падтрымалі Беларусбанк, Белаграпрамбанк, МТБанк, Прыёрбанк,Тэхнабанк, БТА Банк, Цэптэр Банк, Парытэтбанк, Банк Дабрабыт, БНБ-Банк, Альфа-Банк, СтатусБанк, Банк «Рашэньне».

Бязмытны ўвоз тавараў

Савет ЕАЭС прыняў рашэньне прадоўжыць бяспошлінны ўвоз тавараў з-за мяжы ў Беларусь з 1 красавіка па 1 кастрычніка бягучага году — ён застанецца ў памеры 1000 эўра і 31 кіляграм на адну бандэроль. Гэта датычыцца ўсіх тавараў, якія перавозяць у паштовых адпраўленьнях, або перавозчыкамі, або багажом усімі відамі транспарту, акрамя паветранага, і пешшу.

Вырастуць цэны на цыгарэты

З 1 красавіка ў Беларусі павысяць кошты на цыгарэты. Агулам з пачатку месяца падаражэюць больш за 200 марак цыгарэт. У прыватнасьці, цыгарэты марак «Магнат», «Менск», «Прэм’ер», «Фэст», Dove, Credo, NZ, Queen, Matrix і Portal вырастуць у цане на 25-35 капеек, а асобныя віды Kent, Rothmans і Dunhill — на 30-40 капеек.

Падатак на сабак

Да 27 красавіка ўладальнікам сабак трэба заплаціць падатак на хатніх гадаванцаў за першы квартал. Новыя стаўкі гэтага падатку, які аплочваецца 4 разы на год, дзейнічаюць з пачатку 2023-га.

У Менску гаспадары сабак, аднесеных да ліку патэнцыяльна небясьпечных (у гэтым сьпісе 40 пародаў), павінны заплаціць 37 беларускіх рублёў (было 32), у іншых выпадках — 11,1 рублёў (было 9,3).

Разам з тым у мясцовых саветаў дэпутатаў ёсьць права зьмяншаць стаўкі гэтага падатку, у тым ліку для чыпаваных і стэрылізаваных сабак.

Перанос працоўных дзён і 4 выходныя на Радаўніцу

У красавіку беларусаў чакаюць доўгія выходныя на Радаўніцу, якая сёлета прыпадае на 25 красавіка. Рабочы панядзелак, 24 красавіка, перанесьлі на суботу, 29 красавіка. Такім чынам, адпачываць беларусы будуць адразу 4 дні запар: з 22 да 25 красавіка.

29 красавіка будзе працоўнай суботай, але потым таксама два выходныя дні: нядзеля, 30 красавіка, і панядзелак, 1 траўня 2023 году.

Рэгістрацыя на цэнтралізаваны іспыт для выпускнікоў, які сёлета пройдзе ўпершыню

У гэтым годзе выпускнікі беларускіх школ упершыню здаюць цэнтралізаваны іспыт. Ён пройдзе па двух прадметах — расейскай або беларускай мове і любым іншым прадмеце на выбар. Рэгістрацыя на ЦЭ стартуе 1 красавіка і завершыцца 20 красавіка. Пасьля рэгістрацыі зьмяніць прадметы для цэнтралізаванага іспыту будзе ўжо нельга.

Самі іспыты пройдуць: па мовах — 14 траўня (рэзэрвовыя дні — 23 траўня і 21 жніўня), па іншых прадметах — 21 траўня (рэзэрвовыя — 25 траўня і 23 жніўня).

Новае патрабаваньне да гандлёвага сэктару

З 18 красавіка крамы і гіпэрмаркеты Беларусі абавязаны гандляваць беларускімі харчовымі і нехарчовымі таварамі і таварамі зь іншых краін ЕАЭС на «раўнапраўнай» аснове. Гэтае патрабаваньне актуальнае толькі для гандлёвых кропак, якія прапануюць да продажу, акрамя айчынных тавараў, прадукцыю іншых краін ЭАЭС (у які ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея). Тавары пералічаны ў пастанове МАРГ № 68 ад 25 кастрычніка 2022 году.

Рыбалка і паляваньне

З 15 красавіка ў Берасьцейскай, Гомельскай, Менскай, Гарадзенскай і Магілёўскай абласьцях, а з 23 красавіка ў Віцебскай вобласьці скончыць сваё дзеяньне забарона на аматарскую і прамысловую лоўлю шчупака. Але будзе захаваны шэраг іншых забаронаў (напрыклад, лоўля рыбы дзьвюма вудамі). За іх парушэньне рыбакам пагражае штраф да 1110 рублёў.

З 1 красавіка ў Беларусі можна будзе паляваць на кабана.

Увоз у Беларусь аўтамабіляў

З 7 красавіка набывае сілу рашэньне Дзяржаўнага мытнага камітэта аб зьмяненьні правілаў пры ўвозе ў Беларусь транспартных сродкаў. Так, зьменяцца патрабаваньні да запаўненьня дакумэнта аб выплаце ўтылізацыйнага збору, які трэба прадстаўляць мытні пры ўвозе ў Беларусь транспартнага сродку.

Зьмены ў радзільных дамах

З 1 красавіка ў сталічных радзільных дамах пачнуць правяраць нованароджаных, у ліку іншага, на першасны імунадэфіцыт. Калі ініцыятыва пакажа добрыя вынікі і прыжывецца ў Менску, нэанатальны скрынінг першасных імунадэфіцытаў увядуць па ўсёй краіне.

Зьмяняецца закон аб донарстве ў Беларусі

З 21 красавіка 2023 году зьмяняецца закон «Аб донарстве крыві і яе кампанэнтаў». Павялічваецца лімітавы для донарства ўзрост — з 60 да 65 гадоў.

Акрамя гэтага, донараў будуць на час праходжаньня імі мэдагляду вызваляць ад працы, але яны змогуць да яе вярнуцца ў дзень здачы крыві, калі іх службовыя абавязкі не зьвязаныя са шкоднымі, небясьпечнымі ўмовамі працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG