«Уначы вораг зьдзейсьніў атаку ўдарнымі БПЛА тыпу „Шагед-136“ па Адэскай вобласьці. Дзякуючы ўдалай працы нашых сіл абароны большасьць БПЛА ворага зьнішчаная, але, на жаль, ёсьць пападаньне па абʼекце цывільнай інфраструктуры», — паведаміў ён.
Як удакладнілі ў апэратыўным камандаваньні «Поўдзень», 10 з 12 ударных бесьпілётнікаў «Шагед» зьбілі сыстэмай СПА. Адзін зь іх пацэліў у абʼект рэкрэацыйнай інфраструктуры, пажар там ужо патушылі.
Паводле папярэдніх дадзеных, у выніку ўдару ніхто не пацярпеў.
Раней паведамлялася, што ў Адэсе былі чуваць гукі выбухаў. Паводле інфармацыі «Суспільне.Одеса», першыя выбухі гараджане пачулі пасьля абвяшчэньня паветранай трывогі (у Адэсе яе абвясьцілі ў 01:47), пазьней раздаліся новыя.
Паводле Генштабу Ўзброеных сіл Украіны, за мінулы дзень расейскія войскі нанесьлі 4 ракетныя і 60 авіяцыйных удараў па Ўкраіне, зьдзейсьнілі 58 абстрэлаў з рэактыўных сыстэм залпавага агню, пацярпелі таксама мірныя людзі.
Расейскія войскі працягваюць наступаць на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках — на гэтых участках фронту ўкраінскія вайскоўцы адбілі больш за 60 расейскіх атак. Самыя лютыя баі вядуцца за Бахмут і Марʼінку, паведамляе ўкраінскі Генштаб у ранішняй зводцы.