Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 17 красавіка: 54-гадовую жанчыну асудзілі на «хімію» за абразу Лукашэнкі


Сілавікі. Архіўнае фота
Сілавікі. Архіўнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю.

У судзе Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці асудзілі Алу Высоцкую паводле арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэксу. Судзьдзя Сяргей Васілеўскі прызначыў Але 1 год і 6 месяцаў абмежаваньня волі («хіміі») і штраф 1110 беларускіх рублёў, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна ў красавіку 2022 года нібыта напісала са свайго мабільнага тэлефона ў адным з тэлеграм-каналаў абразьлівы камэнтар у адрас Лукашэнкі, а ў ліпені 2022 года — у адрас прадстаўніка Ўзброеных сіл Беларусі.

Але Высоцкай 54 гады. Жанчына мае на ўтрыманьні непаўналетняе дзіця.

У Мёрах за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў работніка мясакамбіната арыштавалі на 7 дзён

Судзьдзя суду Мёрскага раёну Ірына Яскевіч 4 красавіка пакарала за распаўсюд нібыта «экстрэмісцкіх» публікацый у Instagram 7 днямі адміністрацыйнга арышту жыхара Мёраў Яўгена Бурака, які працуе абвальшчыкам мяса на мясцовым мясакамбінаце.

Яўген, паводле міліцэйскага пратаколу, у асабістым профілі, адкрытым для агляду 306 падпісчыкам, нібыта размясьціў і захоўваў інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У судовым паседжаньні Бурак палумачыў, што гэтую інфармацыю з мэтай распаўсюду не разьмяшчаў і не захоўваў, а падпісаным на інтэрнэт-старонку быў у 2020 годзе, калі яе яшчэ не прызналі экстрэмісцкай.

Сілавікі затрымалі былога палітвязьня. Ён нібыта хацеў далучыцца да палка Каліноўскага

Затрымалі асуджанага раней у «карагоднай справе» берасьцейца Рамана Яхіна, паведамляе «Белсат» з спасылкай на тэлеграм-канал сілавікоў. Паведамлялася, што нібыта «падчас агляду кватэры выявілі прадметы амуніцыі, сапэрная рыдлёўку, розныя нажы, бэйсбольную біту, сякеру, бчб-сымболіку».

Раман Яхін нарадзіўся ў Баку, апошнія 30 гадоў жыве ў Беларусі.

Пасьля ўдзелу ў пасьлявыбарных пратэстах на яго завялі крымінальную справу. Раман правёў 4 месяцы ў СІЗА, пасьля чаго яму прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі».

Падчас знаходжаньня ў зьняволеньні ён захварэў на гаймарыт. Цяпер жа, паводле каналу сілавікоў, на яго завялі крымінальную справу паводле ч. 3 ст. 361-1 КК. Раману пагражае да 6 гадоў калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG