Фатографа з Наваполацку Супранёнка 11 красавіка арыштавалі на 15 сутак. Па якім артыкуле яго судзілі, невядома.
Гэта другі арышт Супранёнка на 15 сутак пасьля затрыманьня 29 сакавіка. Першы быў прызначаны паводле артыкулу 19.11 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць).
8 красавіка пасьля 10-сутачнага арышту па гэтым жа артыкуле не вызвалілі супрацоўніка Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка кандыдата філязофскіх навук Ігара Бортніка. 10 красавіка суд Наваполацка арыштаваў яго яшчэ на 13 сутак на падставе пратаколу, складзенага паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
Разам з Бортнікам і Супранёнкам 29 і 30 сакавіка ў Полацку і Наваполацку затрымалі больш за 10 супрацоўнікаў запаведніка. Сярод іх — былая дырэктарка установы, загадчыца навукова-экспазыцыйнага аддзела Тамара Джумантаева і фатограф Кірыл Смалякоў. Іх арыштоўвалі на 15 сутак.
Таксама былі затрыманыя Аксана Шафран, Аксана Козел, Вольга Філімонава, Вікторыя Бабко, Надзея Язмер і Алена Ходзікава. Частку затрыманых вызвалілі, канфіскаваўшы тэхніку і прызначыўшы даты судоў. Паводле папярэдняй інфармацыі, іх абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў», камэнтарах і лайках у сацсетках і мэсэнджарах.
Як паведаміў BPN 15 красавіка, Джумантаеву звольнілі з запаведніка падчас адбыцьця адміністрацыйнага арышту. Яна, Смалякоў і электрык установы (прозьвішча невядомае) выйшлі на волю 13 красавіка.
14 красавіка вызвалілі старшую навуковую супрацоўніцу Полацкай мастацкай галерэі Аляксандру Касьцюкевіч і Алену Ходзікаву, якая раней звольнілася з запаведніка па ўласным жаданьні. Яны адбылі 15 сутак па адміністрацыйных справах.