У Магілёве на даху аднаго са шматкватэрных дамоў ноччу 17 красавіка знайшлі нованароджаную. Як паведамляе Сьледчы камітэт, жыхарка дома па вуліцы Габроўскай выйшла на балькон пакурыць і пачула дзіцячы крык.
«Жанчына ўбачыла нованароджанае дзіця, якое ляжала ў пакеце, і выклікала міліцыю. Дзіця зь пераахаладжэньнем даставілі ў лякарню. Яму аказалі дапамогу, дзяўчынка пад назіраньнем лекараў», — гаворыцца ў паведамленьні СК.
Паводле папярэдняй інфармацыі, маці дзяўчынкі — 34-гадовая мясцовая жыхарка. У яе ёсьць яшчэ трое дзяцей ва ўзросьце 1, 2 і 9 гадоў. Яна загарнула дзіця ў ручнік, паклала ў пакет і выставіла на казырок даху.
Магілёўскі адзьдзел Сьледчага камітэту завёў крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 14, п. 2 ч. 2 арт. 139 (замах на забойства заведама малалетняга, які знаходзіцца ў бездапаможным стане).