Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі апазыцыянэру Ўладзіміру Кара-Мурзу прысудзілі 25 гадоў зьняволеньня


Ўладзімір Кара-Мурза ў судзе размаўляе з адвакатам. Архіўнае фота
Ўладзімір Кара-Мурза ў судзе размаўляе з адвакатам. Архіўнае фота

Палітыка абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе і ў распаўсюджваньні фэйкаў аб расейскім войску.

6 красавіка пракурор запрасіў для апазыцыйнага палітыка Ўладзіміра Кара-Мурзы 25 гадоў зьняволеньня. Судзьдзя пагадзіўся з пракурорам і 17 красавіка пакараў палітыка такім тэрмінам.

Раней адвакатув падсуднага Марыя Эйсмант расказала, што за час знаходжаньня ў СІЗА Ўладзімір страціў 17 кіляграмаў вагі. У сярэдзіне сакавіка Кара-Мурза ня змог паўдзельнічаць у адным з паседжаньняў суду, бо пагоршылася самаадчуваньне. Да гэтага ён паведамляў, што ягонае здароўе ў ізалятары стала значна горшым. Нэўроляг паставіў яму дыягназ «полінэўрапатыя». Гэты дыягназ уваходзіць у сьпіс тых, якія выключаюць знаходжаньне ў СІЗА. Аднак суд адмовіўся разгледзець мэдыцынскія дакумэнты і перавесьці палітыка пад хатні арышт.

Ён знаходзіцца ў СІЗА з красавіка 2022 году. Супраць палітыка завялі тры крымінальныя справы: аб так званых фэйках пра армію Расеі, аб дзяржаўнай здрадзе і аб ажыцьцяўленьні дзейнасьці «непажаданай арганізацыі» за працу з «Открытой Россией».

Па вэрсіі сьледзтва, выступаючы 15 сакавіка ў ЗША перад чальцамі Палаты прадстаўнікоў штата Арызона, Кара-Мурза, нібыта «распаўсюдзіў пад выглядам дакладных паведамленьняў загадзя лжывую інфармацыю». У прыватнасьці, тады размова ішла аб бамбаваньнях жылых раёнаў і аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры Ўкраіны.

Ужо калі ён быў пад арыштам, супраць палітыка завялі справы аб супрацоўніцтве зь непажаданай арганізацыяй і дзяржаўнай здрадзе.

На мінулым тыдні Кара-Мурза выступіў у судзе з апошнім словам. Ён заявіў аб сваёй невінаватасьці і сказаў, што ганарыцца тым, што рабіў. Паседжаньне суду было закрытым.

Кара-Мурза лічыць прававую сытуацыю ў Расеі падобнай да 1930-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Ён адзначыў, што падпісваецца пад кожным словам абвінавачаньня, якое палічыла здрадай выступленьні аб становішчы спраў у Расеі ў заходніх краінах, але ганарыцца сваімі ўчынкамі. Сябе ён вінаваціць толькі ў тым, што за гады сваёй дзейнасьці ня змог дастаткова пераканаць суграмадзян, наколькі небясьпечны рэжым Крамля.

Палітык выказаў спадзяваньне, што рана ці позна расейскае грамадзтва зьменіцца. Ён падкрэсьліў, што працягвае верыць у краіну і яе людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG