Паводле інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя гомельскай калёніі № 4 цягам апошніх тыдняў узмацніла ціск у дачыненьні да палітзьняволеных.
Некаторым жанчынам забаранілі наведваць царкву. Таксама адміністрацыя імкнецца большасьць палітзьняволеных прызнаць «злоснымі парушальніцамі рэжыму». Супраць жанчын пачалі яшчэ часьцей складаць па некалькі рапартаў запар, перакідваць у іншыя атрады. Акрамя гэтага, супрацоўнікі намагаюцца, каб жанчыны прызналі сваю віну. Лісты да некаторых перасталі даходзіць нават ад блізкіх сваякоў.
Улады ціснуць і на тых, хто ўжо цалкам адбыў свой тэрмін і выйшаў з калёніі. Да былых палітзьняволеных часта прыходзяць дадому сілавікі розных структураў, правяраюць тэлефоны і праводзяць ператрусы — шукаюць бел-чырвона-белую і блакітна-жоўтую сымболіку.
Жанчын прымушаюць рэгулярна прыходзіць у міліцыю і ў крымінальный вышук для «гутарак», а таксама часьцей адзначацца на прафуліку.