Па словах юрысткі, яе падабаронны за час знаходжаньня ў СІЗА страціў 17 кіляграмаў вагі. У сярэдзіне сакавіка Кара-Мурза ня змог узяць удзел у адным з паседжаньняў суду з прычыны пагаршэньня самаадчуваньня. Да гэтага ён паведамляў, што ягонае здароўе ў ізалятары стала значна горшым. Галоўны нэўроляг УФСІН па Маскве паставіў яму дыягназ «полінэйрапатыя». Гэты дыягназ уваходзіць у сьпіс хвароб, якія выключаюць знаходжаньне ў СІЗА. Аднак суд адмовіўся разгледзець мэдычныя дакумэнты і перавесьці палітыка пад хатні арышт.
На пачатку сакавіка суд працягнуў арышт Кара-Мурзу на паўгода. Ён знаходзіцца ў СІЗА з красавіка 2022 году. У дачыненьні да палітыка распачатыя тры крымінальныя справы: аб так званых фэйках пра армію Расеі, аб дзяржаўнай здрадзе і аб ажыцьцяўленьні дзейнасьці «непажаданай арганізацыі» за працу з «Адкрытай Расеяй».
- Па вэрсіі сьледзтва, выступаючы 15 сакавіка 2022 году ў ЗША перад членамі Палаты прадстаўнікоў штату Арызона, Кара-Мурза, «дзейнічаючы па матывах палітычнай нянавісьці, распаўсюдзіў пад выглядам дакладных паведамленьняў заведама ілжывую інфармацыю». У прыватнасьці, тады размова ішла пра бамбаваньне жылых раёнаў і аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры Ўкраіны.
- Ужо калі ён быў пад арыштам, супраць палітыка былі заведзеныя справы аб супрацоўніцтве зь непажаданай арганізацыяй і дзяржаўнай здрадзе.