Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўнымі праблемамі інстытуту прэзыдэнцтва беларусы лічаць празьмернасьць улады ў руках першай асобы і яе нязьменнасьць, — дасьледаваньне


Генадзь Коршунаў
Генадзь Коршунаў

Двума галоўнымі пытаньнямі, якія тычацца інстытуту прэзыдэнцтва і «патрабуюць свайго рашэньня», беларускае грамадзтва лічыць «празьмернасьць улады ў руках першай асобы дзяржавы і яе нязьменнасьць».

Такая выснова ўтрымліваецца ў дасьледаваньні «Якія рэформы патрэбныя Беларусі?», праведзеным старшым аналітыкам Цэнтру новых ідэй (ЦНІ) сацыёлягам Генадзем Коршунавым у лютым 2023 году.

Вынікі дасьледаваньня былі прадстаўленыя 13 красавіка на онлайн-прэзэнтацыі.

Запыт на рэформы ў розных сфэрах грамадзкага жыцьця Коршунаў вывучыў на аснове 12 глыбінных інтэрвію. У апытаньні ўдзельнічалі пяць мужчын і сем жанчын ва ўзросьце 21–69 гадоў, якія прадстаўляюць Менск і іншыя рэгіёны Беларусі, маюць розную адукацыю і рознае сацыяльнае становішча.

Як адзначаецца ў выніках дасьледаваньня, сфэра дзяржаўнага кіраваньня аказалася адной з самых складаных для ацэньваньня рэспандэнтамі. Разам з тым удалося акрэсьліць «асноўны пералік праблем, уласьцівых сыстэме».

У кантэксьце лішку паўнамоцтваў у кіраўніка дзяржавы ўдзельнікі інтэрвію падкрэсьлілі ў цэлым «празьмерную цэнтралізацыю ўлады, якая душыць любую ініцыятыву і пазбаўляе сэнсу астатнія галіны ўлады». Як вынік, чыноўніцкі апарат характарызуюць «кансэрватыўнасьць і некампэтэнтнасьць», паміж дзяржслужачымі і звычайнымі людзьмі «адсутнічае зваротная сувязь».

«Дзейнасьць ураду і парлямэнту для людзей зусім незаўважная, гэтыя структуры сёньня бескарысныя. Органы мясцовай улады цалкам залежныя ад вышэйстаячых органаў, у іх пануе безыніцыятыўнасьць і некампэтэнтнасьць, а дзейнасьць непразрыстая і неэфэктыўная. У грамадзян няма магчымасьцяў як-небудзь уплываць на мясцовыя ўлады», — гаворыцца ў справаздачы ЦНІ.

У эканамічнай частцы дасьледаваньня Коршунаў сфармуляваў «тры асноўныя блёкі праблем», якія хвалююць рэспандэнтаў.

Першы носіць «хутчэй палітычны характар» і мае два складнікі: унутраны, зьвязаны з «сацыяльнай справядлівасьцю (зарплаты працаўнікоў і начальства, асаблівасьці падаткаабкладаньня)», і зьнешнепалітычны — тут «важныя ня толькі (...) санкцыі, але і ў цэлым непасьлядоўны курс краіны».

Другім блёкам праблем дасьледчык ЦНІ называе «пазыцыі, зьвязаныя з закрытасьцю і агульнай зарэгуляванасьцю беларускай эканомікі, якая пазбаўляе пэрспэктываў разьвіцьця як бізнэс, гэтак і дзяржсэктар».

Трэці блёк — «вялікі і неэфэктыўны сэктар дзяржаўных прадпрыемстваў, якія карыстаюцца рознымі прэфэрэнцыямі і не забясьпечваюць неабходнай эканамічнай аддачы».

«Адным са шляхоў пераадоленьня гэтых праблем бачыцца разьдзяржаўленьне і разьвіцьцё прыватнага сэктара», — зазначае Коршунаў. Паводле яго слоў, практычна ўсе рэспандэнты хутчэй станоўча ставяцца да прыватнага бізнэсу, часта маючы «ўласны або апасродкаваны сваякамі» досьвед яго вядзеньня.

Што тычыцца дзяржсэктара, дык тут, паводле слоў старшага аналітыка ЦНІ, удзельнікамі дасьледаваньня «часта прапануецца не яго рэфармаваньне, а нарошчваньне кампэтэнцый спэцыялістаў ва ўжо існуючай сыстэме».

  • Паводле вынікаў сацапытаньня, праведзенага ў студзені — лютым 2023 году пад эгідай аналітычнага цэнтру Chatham House, 59% насельніцтва Беларусі падтрымліваюць ідэю правядзеньня рэформаў у краіне. 15% апытаных адмоўна ставяцца да рэформаў, не змаглі даць адказ 26%.
  • 56% рэспандэнтаў заявілі, што падтрымалі б паступовыя рэформы ва ўсіх сфэрах, 21% выказаліся аб кропкавых рэформах, 12% — аб хуткіх і маштабных. Такім чынам, доля тых, хто падтрымаў рэформы пры адказе на пытаньне аб іх характары (сумарна 89%), вышэйшая за долю тых, хто іх падтрымлівае ў прынцыпе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG