Беларускія і расейскія спартоўцы змогуць удзельнічаць у спаборніцтвах пад эгідай Міжнароднага саюзу трыятлёну. Такое рашэньне выканаўчы камітэт саюзу прыняў 13 красавіка.
Саюз тлумачыць сваё рашэньне рэкамэндацыямі Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК), які дазволіў беларусам і расейцам удзельнічаць у спаборніцтвах у нэўтральным статусе:
«Рашэньне было прынятае для таго, каб стварыць умовы для ўдзелу ў спорце незалежных нэўтральных спартоўцаў з расейскімі і беларускімі пашпартамі, а таксама афіцыйных асоб з абедзьвюх краін», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Міжнароднага саюзу трыятлёну.
Паслабленьні ў спартовых санкцыях у сувязі з уварваньнем Расеі ва Ўкраіну
28 сакавіка па выніках пасяджэньня выканкаму ў Лязане (Швайцарыя) МАК выдаў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Аднак агаварыўся, што канчатковае рашэньне застаецца за самімі фэдэрацыямі.
Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расейскія атлеты змогуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і сымболікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і ня маюць дзейных кантрактаў зь сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.
30 сакавіка Міжнародная фэдэрацыя настольнага тэнісу (ІТТФ) абвясьціла пра згоду дапусьціць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай беларускіх і расейскіх удзельнікаў пры захаваньні імі строгага нэўтралітэту.
Раней стала вядома, што ў тым самым нэўтральным статусе расейцаў і беларусаў дапусьцяць да Ўімблданскага турніру, аднаго з найбольш прэстыжных тэнісных спаборніцтваў у сьвеце.