Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэрацыя фэхтаваньня Польшчы адмяніла этап Кубка сьвету праз рашэньне дапусьціць да спаборніцтваў спартовак зь Беларусі і Расеі


Фэхтаваньне, ілюстрацыйнае фота
Фэхтаваньне, ілюстрацыйнае фота

Этап Кубка сьвету ў жаночай рапіры быў заплянаваны на 21–23 красавіка ў Познані.

Прычынай назвалі рашэньне Міжнароднай фэдэрацыі фэхтаваньня дапусьціць расейскіх і беларускіх спартоўцаў да міжнародных турніраў. Такім чынам, Польшча стала 5-й краінай Эўразьвязу, якая адмовілася праводзіць турнір праз рашэньне Міжнароднай фэдэрацыі фэхтаваньня. Раней былі Францыя, Нямеччына, Данія і Фінляндыя.

«Фэдэрацыя фэхтаваньня Польшчы салідарная з украінскай фэдэрацыяй фэхтаваньня ў яе намаганьнях у адхіленьні ад спаборніцтваў людзей, якія падтрымліваюць жорсткую вайну і рэжым Уладзіміра Пуціна», — гаворыцца ў заяве.

Турнір у Познані меў статус кваліфікацыйнага да Алімпіяды 2024 году ў Парыжы. Арганізатары адзначылі, што рашэньне міжнароднай фэдэрацыі паставіла пад пытаньне ўдзел украінскіх фэхтавальнікаў, зрабіўшы магчымым удзел атлетаў пад сьцягамі Расеі і Беларусі.

10 сакавіка Міжнародная фэдэрацыя фэхтаваньня дазволіла беларускім і расейскім атлетам удзельнічаць у спаборніцтвах пад сваёй эгідай у нэўтральным статусе.

16 сакавіка этап Кубка сьвету ў жаночай рапіры адмовілася праводзіць фэдэрацыя фэхтаваньня Нямеччыны.

Таксама дапусьціла атлетаў дзьвюх краін да спаборніцтваў у нэўтральным статусе Міжнародная фэдэрацыя тхэквандо.

30 сакавіка Міжнародная фэдэрацыя настольнага тэнісу (ІТТФ) аб’явіла аб згодзе дапусьціць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай беларускіх і расейскіх удзельнікаў пры выкананьні імі строгага нэўтралітэту.

У тым самым нэўтральным статусе расейцаў і беларусаў дапусьцяць да Ўімблданскага турніру, аднаго з найбольш прэстыжных тэнісных спаборніцтваў у сьвеце.

У гэты момант шэраг спартовых фэдэрацый разглядае рэкамэндацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) па допуску спартоўцаў з Расеі і Беларусі ў нэўтральным статусе. Фэдэрацыя коннага спорту напярэдадні не дазволіла ўдзел расейскіх і беларускіх атлетаў.

5 красавіка Эўрапейская фэдэрацыя футбольных асацыяцый (УЭФА) вырашыла не выключаць нацыянальную зборную Беларусі і беларускія клюбы зь міжнародных матчаў. Расейскія клюбы і зборная выключаныя яшчэ з траўня 2022 году.

Абмеркаваньні выключэньня спартоўцаў з Расеі пачаліся адразу пасьля пачатку паўнамаштабнай вайны, якую Масква пачала супраць Украіны 24 лютага 2022 году. Затым пачаліся і абмеркаваньні мэтазгоднасьці ўдзелу беларускіх атлетаў праз саўдзел Лукашэнкі ў вайне на расейскім баку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG