Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Washington Post назвала крыніцай выцеку сакрэтных дакумэнтаў Пэнтагону супрацоўніка амэрыканскай вайсковай базы


Сьцяг ЗША побач з Пэнтагонам. Архіўнае фота
Сьцяг ЗША побач з Пэнтагонам. Архіўнае фота

Выданьне паведамляе, што падазраванаму каля 20-25 гадоў, ён натрэнаваны і харызматычны.

Крыніцай найбуйнейшага за шмат гадоў выцеку дакумэнтаў Пэнтагону стаў супрацоўнік амэрыканскай вайсковай базы, які публікаваў іх у закрытым чаце для геймэраў. Ён публікаваў паперы, каб «трымаць знаёмых у курсе падзей». Аб гэтым піша газэта The Washington Post.

Выданьню ўдалося зьвязацца з удзельнікамі закрытага чату ў мэсэнджары Discord, дзе публікаваліся сакрэтныя паперы. Чат аб’ядноўваў геймэраў, захопленых зброяй, вайсковым рыштункам і хрысьціянствам, вынікае з матэрыялу WP. Доступ туды быў толькі па запрашэньні.

Журналістам удалося азнаёміцца з каля 300 сакрэтнымі дакумэнтамі, апублікаванымі ў чаце. Двое членаў групы паведамілі выданьню, што ведаюць сапраўднае імя чалавека, які публікаваў дакумэнты, але ня будуць раскрываць яго, пакуль вядзецца расьсьледаваньне ФБР.

Апісваючы падазраванага, ягоныя знаёмыя гавораць, што таму каля 20-25 гадоў, ён трэнаваны і харызматычны. Сама меркаваная крыніца выцеку расказвала ў чаце, што частку свайго працоўнага часу праводзіць у адмысловым пакоі для працы з сакрэтнымі дакумэнтамі, куды нельга праносіць электронныя прылады.

Ён пераказваў сакрэтную інфармацыю ўдзельнікам чату, а калі яны перасталі рэагаваць на яго паведамленьні, пачаў выкладваць фатаграфіі дакумэнтаў.

Некаторыя зь іх зьмяшчалі падрабязныя схемы баявых дзеяньняў ва Ўкраіне і сакрэтныя спадарожнікавыя здымкі наступстваў расейскіх ракетных удараў па ўкраінскіх электрастанцыях. У іншых дакумэнтах паказваліся магчымыя траекторыі ядзернага ўдару КНДР па ЗША.

У іншых былі прадстаўлены фатаграфіі кітайскага аэрастата-шпіёна, які праляцеў над краінай у лютым, зробленыя, пэўна, з самалёта-шпіёна U-2, а таксама схема аэрастата і выведвальнага абсталяваньня на ім. З канца мінулага года ён дзяліўся здымкамі некалькіх дакумэнтаў на тыдзень. Як мінімум адзін з дакумэнтаў быў раздрукаваны з «Інтэліпэдыі» — закрытага рэсурсу для сумеснай працы над выведвальнымі справаздачамі амэрыканскіх выведвальных службаў.

Удзельнікі чату ня лічаць, што аўтар выцеку быў агентам замежных выведак. Але адзначаюць, што той у размовах крытыкаваў урад, праваахоўныя органы і выведніцкую супольнасьць за імкненьне «здушыць сваіх грамадзян» і «трымаць іх у няведаньні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG