Беларусь перадала расейскаму боку затрыманага грамадзяніна РФ Аляксея Маскалёва — бацьку дзяўчынкі з антываенным плякатам. Гэтую інфармацыю пацьвердзіла ТАСС 13 красавіка начальніца ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязей МУС Беларусі Натальля Сахарчук.
Аб экстрадыцыі Маскалёва ў Расею напярэдадні паведаміў праваабарончы праект «ОВД-Инфо».
Раней больш за 30 антываенных і праваабарончых праэктаў запатрабавалі ад уладаў Эўразьвязу не дапусьціць выдачы расейца.
Гісторыя пачалася з таго, што шасьцікласьніца Маша Маскалёва з горада Яфрэмава Тульскай вобласьці год таму намалявала ў школе антываенны малюнак. У сацсетках яе бацькі Аляксея Маскалёва знайшлі камэнтар з «дыскрэдытацыяй арміі». У выніку дзяўчынку зьмясьцілі ў прытулак, а на мужчыну завялі крымінальную справу і адправілі пад хатні арышт.
28 сакавіка Маскалёву вынесьлі прысуд — два гады калёніі. Але на абвяшчэньне ён не зьявіўся, бо напярэдадні ўцёк з-пад хатняга арышту. Праз два дні яго затрымалі ў Менску. Тым часам Машу забрала з прытулку родная маці, зь якой дзяўчынка доўга ня мела зносін.
Пасьля прысуду за Маскалёва ўступаўся кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын, а ў расейскіх праўладных тэлеграм-каналах пісалі пра магчымы перагляд справы, аднак пакуль што паляпшэньня сытуацыі няма.
На мінулым тыдні праваабаронцы з цэнтру «Мемориал» і праекту «ОВД-Инфо» зьвярнуліся ў Эўракамісію і Раду Эўропы з заклікам зьвярнуць увагу на крымінальны перасьлед Аляксея Маскалёва.
Аўтары ліста прасілі міжнародныя органы выкарыстаць усе даступныя сродкі, каб прадухіліць экстрадыцыю Маскалёва з Рэспублікі Беларусь у Расею.
Праваабаронцы таксама адзначалі, што неабходна дамагацца перадачы Маскалёва ў трэцюю краіну — бясьпечную і гатовую яго прыняць.