Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейца Маскалёва, якога затрымалі ў Беларусі на запыт Расеі, экстрадавалі на радзіму


Аляксей Маскалёў у судзе. Архіўнае фота
Аляксей Маскалёў у судзе. Архіўнае фота

Расейцу Аляксею Маскалёву далі два гады калёніі пасьля таго як выявілі малюнак яго дачкі супраць вайны. На прысуд ён не зьявіўся, бо ўцёк з-пад хатняга арышту ў Менск.

Бацьку дзяўчынкі з антываенным плякатам Аляксея Маскалёва, якога затрымалі ў Беларусі, экстрадавалі ў Расею з турмы № 8 у Жодзіна. Пра гэта паведаміў 12 красавіка праваабарончы праект «ОВД-Инфо».

Супрацоўнік турмы Жодзіна ў гутарцы з «ОВД-Инфо» адмовіўся даваць інфармацыю аб месцазнаходжаньні Аляксея Маскалёва: трэба асабіста зьявіцца ва ўстанову і паказаць пашпарт, каб атрымаць даведку пра чалавека, які там знаходзіцца.

Адвакат Уладзімір Біліенка, які прадстаўляе Маскалёва ў Расеі, расказаў, што яму не паведамлялі аб экстрадыцыі ягонага даверніка. Абаронца пакінуў заяву ў СІЗА-1 Тульскай вобласьці і папрасіў паведаміць, калі Маскалёва зьмесьцяць туды.

Біліенка дадаў, што падаў апэляцыю на прысуд, які раней вынесьлі яго падабароннаму. Скаргу павінны разгледзець у прысутнасьці Маскалёва, зазначыў адвакат.

Гісторыя пачалася з таго, што шасцікласьніца Маша Маскалёва з горада Яфрэмава Тульскай вобласьці год таму намалявала ў школе антываенны малюнак. У сацсетках яе бацькі Аляксея Маскалёва знайшлі камэнтар з «дыскрэдытацыяй арміі». У выніку дзяўчынку зьмясьцілі ў прытулак, а на мужчыну завялі крымінальную справу і адправілі пад хатні арышт.

28 сакавіка Маскалёву вынесьлі прысуд — два гады калёніі. Але на абвяшчэньне ён не зьявіўся, бо напярэдадні ўцёк з-пад хатняга арышту. Праз два дні яго затрымалі ў Менску. Тым часам Машу забрала з прытулку родная маці, зь якой дзяўчынка доўга ня мела зносін.

Пасьля прысуду за Маскалёва ўступаўся кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын, а ў расейскіх праўладных тэлеграм-каналах пісалі пра магчымы перагляд справы, аднак пакуль што паляпшэньня сытуацыі няма.

На мінулым тыдні праваабаронцы з цэнтру «Мемориал» і праекту «ОВД-Инфо» зьвярнуліся ў Эўракамісію і Раду Эўропы з заклікам зьвярнуць увагу на крымінальны перасьлед Аляксея Маскалёва.

Аўтары ліста прасілі міжнародныя органы выкарыстаць усе даступныя сродкі, каб прадухіліць экстрадыцыю Маскалёва з Рэспублікі Беларусь у Расею.

Праваабаронцы таксама адзначалі, што неабходна дамагацца перадачы Маскалёва ў трэцюю краіну — бясьпечную і гатовую яго прыняць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG