Дакумэнт прадугледжвае зьмену ўмоваў стварэньня і дзейнасьці партый. Цяпер мінімальная колькасьць сяброў партыі павінна складаць ня менш за пяць тысяч чалавек, да гэтага мінімальны парог складаў адну тысячу чалавек, паведамляе «Настоящее время».
Партыям таксама неабходна мець свае арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласьцях і Менску, а таксама ня менш як у траціне раёнаў кожнай з абласьцей і ня менш як у траціне раёнаў Менску.
Праз шэсьць месяцаў пасьля ўваходжаньня закона ў сілу Міністэрства юстыцыі Беларусі пачне перарэгістрацыю партый. Дзейнасьць партый, якія не прайшлі перарэгістрацыю і не прынялі рашэньне аб ліквідацыі, будзе спынена па рашэньні Вярхоўнага суду.
Акрамя таго, закон абавязвае ўсе агульнанацыянальныя абʼяднаньні мець арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласьцях Беларусі і Менску.
У канцы 2023 году ў Беларусі мусяць адбыцца выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Ніжняя палата парлямэнту складаецца з 110 дэпутатаў, якія выбіраюцца на чатыры гады. Апошні раз выбары ў Палату прадстаўнікоў адбываліся ў сьнежні 2019 года.
- Пасьля выбараў прэзыдэнта Беларусі і пратэстаў, якія адбыліся пасьля іх, рэпрэсіі зазналі і прадстаўнікі апазыцыйных партый. Так, у сакавіку 2021 года сілавікі затрымалі старшыню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава праз пададзеную заяўку на правядзеньне Дня Волі з мітынгамі і шэсьцямі. Цяпер ён разам зь сямʼёй жыве ў Бэльгіі.
- Летам 2022 году затрымалі лідэра Абʼяднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалая Казлова і кіраўніка мінскай арганізацыі Аксану Аляксееву. АГП на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 года ў Беларусі заклікала не галасаваць за Аляксандра Лукашэнку, які, на думку партыі, «публічна злоўжывае ўладай і дэманструе поўную непавагу да выбарнікаў».
- У верасьні 2022 года лідэру партыі БНФ Рыгору Кастусёву прысудзілі 10 гадоў турмы ў «справе аб змове» супраць Лукашэнкі.