Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША на гэтым тыдні пачынаюцца вучэньні для праверкі гатоўнасьці ядзерных сіл


Намесьніца прэс-сакратара Пэнтагону Сабрына Сінгх
Намесьніца прэс-сакратара Пэнтагону Сабрына Сінгх

Апрача таго, манэўры Арміі ЗША ў Эўропе і Афрыцы Defender 23 пачнуцца 22 красавіка. Пэнтагон заявіў, што яны праводзяцца, каб запэўніць саюзьнікаў, стрымаць тых, хто пагражае міру ў Эўропе, і абараніць кантынэнт ад агрэсіі.

Штогадовыя вучэньні Стратэгічнага камандаваньня (Stratcom) Узброеных сіл ЗША па праверцы гатоўнасьці ядзерных сіл Global Thunder 23 пачнуцца на гэтым тыдні. Аб гэтым паведаміла прэс-служба камандаваньня.

«Stratcom пачне штогадовыя вучэньні па кіраваньні і кантролі ядзерных сіл Global Thunder 11 красавіка 2023», — гаворыцца ў паведамленьні.

Адзначаецца, што такія вучэньні праводзяцца штогод і не зьяўляюцца адказам на дзеяньні якіх-небудзь дзяржаў.

Як вынікае з заявы, галоўнай мэтай вучэньняў зьяўляецца ацэнка павышэньня гатоўнасьці ядзерных сіл і магчымасьцей стратэгічнага стрымліваньня.

Як указалі ў прэс-службе, у вучэньнях прымуць удзел ключавыя саюзьнікі ЗША, у тым ліку Вялікая Брытанія. На час правядзеньня вучэньняў будзе павялічана колькасьць палётаў бамбавікоў.

Вучэньні Defender 23 пачнуцца 22 красавіка

Гэта ўжо другія буйныя ваенныя вучэньні, аб якіх ЗША аб’явілі ў гэтым месяцы.

Раней Пэнтагон абвясьціў, што каля 9 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў прымуць удзел у вучэньнях «Абаронца-23» (Defender 23), якія пачнуцца 22 красавіка.

«Гэта штогадовыя амаль двухмесячныя вучэньні, сканцэнтраваныя на стратэгічным разгортваньні сіл, якія базуюцца ў ЗША, выкарыстаньні загадзя створаных запасаў і пытаньнях апэратыўнай сумяшчальнасьці з эўрапейскімі саюзьнікамі і партнэрамі», — заявіла намесьніца прэс-сакратара Пэнтагону Сабрына Сінгх на брыфінгу.

Вучэньні «Абаронца-23» праводзяцца пад кіраўніцтвам камандаваньня Арміі ЗША ў Эўропе і Афрыцы і былі заплянаваны яшчэ ў 2021 годзе.

Вучэньні закліканы прадэманстраваць здольнасьці амэрыканскіх узброеных сіл да хуткага разгортваньня баяздольных войскаў і тэхнікі, каб запэўніць саюзьнікаў, стрымаць тых, хто пагражае міру ў Эўропе і абараніць кантынэнт ад агрэсіі, паведаміў Пэнтагон.

Вучэньні таксама маюць прадэманстраваць прыхільнасьць эўрапейскіх краін да павелічэньня маштабаў, патэнцыялу і апэратыўнай сумяшчальнасьці іх узброеных сіл.

«Прыкладна 9 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў і каля 17 тысяч вайскоўцаў з 26 краін-саюзьнікаў і краін-партнэраў возьмуць удзел у вучэньнях, частка якіх будзе праходзіць у 10 эўрапейскіх краінах», — адзначыла Сінгх.

Сінгх паведаміла, што абсталяваньне для падтрымкі вучэньняў на гэтым тыдні пачало прыбываць у Гішпанію.

Паводле яе, прыкладна 7 тысяч адзінак абсталяваньня было адпраўлена на эўрапейскі тэатар са ЗША.

Акрамя таго, падчас вучэньняў «Абаронца-23» будуць выкарыстоўвацца каля 13 тысяч адзінак абсталяваньня, узятых з загадзя створаных запасаў.

Акрамя ЗША, у вучэньнях прымуць удзел вайскоўцы з Альбаніі, Армэніі, Босьніі і Герцагавіны, Баўгарыі, Харватыі, Чэхіі, Даніі, Эстоніі, Францыі, Грузіі, Нямеччыны, Грэцыі, Вэнгрыі, Італіі, Косава, Малдовы, Чарнагорыі, Нідэрляндаў, Паўночнай Македоніі, Польшчы, Румыніі, Славеніі, Гішпаніі, Швэцыі і Вялікай Брытаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG