Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША аб’явіў журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча «неправамерна затрыманым»


Эван Гершковіч
Эван Гершковіч

Расейскія ўлады абвінавачваюць амэрыканскага журналіста ў шпіянажы.

Дзярждэпартамэнт ЗША аб’явіў журналіста The Wall Street Journal (WSJ) Эвана Гершковіча, арыштаванага ў Расеі па абвінавачаньні ў шпіянажы, «неправамерна затрыманым». Гэта дае падставу Дзярждэпартамэнту дзейнічаць у інтарэсах вызваленьня грамадзяніна ЗША, піша Associated Press.

«Дзяржаўны сакратар Энтані Блінкен вынес рашэньне, што Эван Гершковіч зьяўляецца неправамерна затрыманым Расеяй. Журналістыка — не злачынства. Мы асуджаем рэпрэсіі Крамля, якія працягваюцца, супраць незалежных галасоў у Расеі і яго бесьперапынную вайну супраць праўды», — гаворыцца ў заяве зьнешнепалітычнага ведамства ЗША.

Журналіст The Washington Post Джон Хадсан адзначыў у твітэры, што прызнаньне Гершковіча «неправамерна затрыманым» — фармальны крок, накіраваны на паскарэньне працы для яго вызваленьня.

Журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча затрымалі ў Екацярынбургу 30 сакавіка. Пазьней Лефортаўскі суд Масквы арыштаваў яго на два месяцы. У дачыненьні Гершковіча завялі крымінальную справу аб шпіянажы.

Расейскае сьледзтва сьцьвярджае, што Гершковіч зьбіраў па замове ЗША сакрэтныя зьвесткі аб адным з прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу. Падрабязнасьці абвінавачаньня не вядомыя. Па артыкуле аб шпіянажы журналісту пагражае ад 12 да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

Адваката Данііла Бермана не пусьцілі ў будынак суду, нягледзячы на ордэр на прадстаўленьне інтарэсаў Гершковіча.

Эван Гершковіч каля шасьці гадоў жыве ў Маскве, асьвятляючы падзеі ў Расеі і Ўкраіне для свайго выданьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG