Наўседа зноў заявіў аб неабходнасьці ўвядзеньня аднолькавых абмежаваньняў для грамадзян абедзьвюх краін.
«Калі мы накладзем на яго вэта, то з прапановамі, а нашы прапановы зробяць гэты закон яшчэ больш строгім», — заявіў прэзыдэнт Літвы. На пытаньне, як можна зрабіць закон яшчэ больш жорсткім, ён адказаў: «Увёўшы такія ж абмежаваньні адносна Беларусі і Расеі».
Наўседа адзначыў, што Літва лічыць Расею і Беларусь агрэсарамі, якія ў роўнай ступені адказныя за тое, што адбываецца ва Ўкраіне.
«Таму я лічу непасьлядоўным, што калі мы гаворым аб магчымых санкцыях для грамадзян, то адрозьніваем гэтыя дзьве краіны і гаворым, што адна павінна быць санкцыянавана на 100%, а другая — у абмежаванай ступені. Вось у чым у нас ёсьць сумненьні», — сказаў прэзыдэнт.
Лідэр беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская ў інтэрвію расейскай службе радыё LRT выказала надзею, што Наўседа ня стане блякаваць прыняты законапраект.
4 красавіка сойм Літвы ў другім чытаньні прыняў закон аб абмежавальных мерах адносна грамадзян Беларусі і Расеі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны. Большасьць абмежавальных мер для беларусаў у параўнаньні зь першым чытаньнем сталі мякчэй.
Да прыняцьця закону паведамлялася, што Наўседа можа накласьці на яго вэта, калі абмежаваньні супраць беларусаў і расейцаў будуць няроўнымі. Калі дакумэнт быў ухвалены, стала вядома, што літоўскі прэзыдэнт мае намер прынамсі прааналізаваць прапісаныя ў ім абмежаваньні.
На сустрэчы 5 красавіка Ціханоўская і кіраўніца МУС Літвы Агне Білатайце дамовіліся сфармаваць рабочую групу, якая будзе разглядаць практычныя пытаньні, зьвязаныя з жыцьцём беларусаў у Літве.