У Рызе пацьвердзілі, што ў сакавіку 2022 году ў Беларусі затрымалі і выставілі абвінавачаньні ў шпіянажы аднаму грамадзяніну Латвіі. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка Міністэрства замежных спраў Латвіі Дыяна Эгліце, піша Delfi.
Пры гэтым камунікацыя зь беларускім бокам праходзіць вельмі складана.
«Консульскія службовыя асобы Латвіі аказалі ўсю дапамогу ў межах сваіх магчымасьцяў. Адсутнасьць законнасьці з боку Беларусі істотна ўскладняе аказаньне дапамогі і высьвятленьне абставін справы. Беларускі бок выкарыстоўвае фармальныя прычыны для запаволеньня і ўскладненьня кантактаў і працы консульскага работніка з грамадзянінам Латвіі», — сказала Эгліце.
У Латвіі зноў засьцераглі грамадзян ад падарожжаў у Беларусь, адзначыўшы, што падарожнікі могуць зазнаць правакацыі з боку беларускіх спэцслужбаў і быць ілжыва абвінавачаныя ў парушэньні беларускіх законаў і, як наступствы таго, арыштаваныя. Дыяна Эгліце нагадала, што праз адсутнасьць законнасьці ў Беларусі магчымасьці Латвіі ў аказаньні дапамогі такім асобам будуць вельмі абмежаваныя.
Што тычыцца суседняй Літвы, то Міністэрства замежных спраў краіны адзначыла, што ня мае ніякай інфармацыі пра затрыманьні сваіх грамадзян у Беларусі.
4 красавіка кіраўнік КДБ Беларусі Іван Тэртэль паведаміў аб затрыманьні грамадзян Польшчы і краін Балтыі «за зьдзяйсьненьне агентурных апэрацый» у Беларусі. А таксама за «спробы зьдзяйсьненьня тэрактаў, выведна-падрыўной і шпіёнскай дзейнасьці» — дзясяткаў грамадзян Украіны. Пра дакладную колькасьць затрыманых інфармацыі няма.