Андрэй Шмай працаваў у Віцебскім аблвыканкаме з 2013 году, быў рабочым па комплексным абслугоўваньні і рамонце будынкаў і збудаваньняў.
«19 студзеня пасьля заканчэньня працоўнага дня Андрэя папрасілі затрымацца нейкія людзі. Папрасілі затрымацца, ён затрымаўся і ўсё. На працы сказалі, што затрымалі спэцслужбы. Я ня ведаю, за што яго затрымалі, відаць, за тое, што проста ўкраінец», — расказвала раней маці Шмая «Флагштоку».
Як расказалі ў фільме прапагандысцкага каналу АНТ, Шмай нібыта зь верасьня рэгулярна адпраўляў інфармацыю ва Ўкраіну, праз мэсэнджар «Сыгнал», свайму малодшаму брату Руслану. Той служыць у чарнігаўскім упраўленьні «Поўнач» маёрам, намесьнікам камандзіра па апэратыўных пытаньнях.
Па словах Шмая, брата цікавіла інфармацыя аб «мерапрыемствах па ўзмацненьні аблвыканкамаў», ён папрасіў Андрэя паведамляць, «калі будзе мяняцца абстаноўка».
Андрэй Шмай — былы вайсковец, служыў з 2006 па 2013 гады на беларуска-ўкраінскай мяжы інспэктарам пункту пропуску «Ярылавічы».
Цяпер мужчына ў СІЗА. Яго, як паведамілі на АНТ, абвінавачваюць па артыкуле 358-1 Крымінальнага кодэксу — «агентурная дзейнасьць».
МУС і КДБ публічна не камэнтавалі сытуацыю. У Міністэрстве замежных спраў Беларусі таксама не далі адказу на запыт ад украінскай амбасады ў Беларусі і МЗС Украіны.