Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-кандыдату ў прэзыдэнты Андрэю Дзьмітрыеву пракурор запрасіў 2 гады калёніі

абноўлена

Андрэй Дзьмітрыеў. Архіўнае фота
Андрэй Дзьмітрыеў. Архіўнае фота

Справу Дзьмітрыева разглядае суд Маскоўскага раёну Менску.

5 красавіка ў 10:30 пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Андрэя Дзьмітрыева. Пра пачатак суду паведамляе агенцтва БелТА. Палітыку выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 342 КК (удзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Яму пагражае да 4 гадоў пазбаўленьня волі.

Сьледзтва заявіла пра ўдзел Дзьмітрыева ў акцыях пратэсту ў Менску ў пэрыяд з 23 жніўня па 6 верасьня 2020 года і заявіла, што ён нібыта выкрыкваў лёзунгі і што ягоныя дзеяньні пацягнулі за сабой спыненьне грамадзкага транспарту, піша БелТА.

Вядзе працэс судзьдзя Кацярына Мурашка.

Паводле БелТА, падчас допыту Дзьмітрыеў расказаў, што пра месца і час збору ўдзельнікаў масавых акцый даведваўся з навін, але дакладнай крыніцы ня памятае; сказаў, што на праезнай частцы сапраўды было шмат людзей, а грамадзкага транспарту відаць не было. Ён сказаў, што сам «стараўся рухацца па пешаходных зонах, але калі было шмат людзей, даводзілася выходзіць на праезную частку». Паколькі ён быў кандыдатам у прэзыдэнты, іншыя ўдзельнікі акцый яго фатаграфавалі.

Адказваючы на пытаньне пракурора, ці разумеў ён, што ягоныя дзеяньні былі незаконнымі, Дзьмітрыеў прызнаўся: «Я сабе ў той момант гэтага пытаньня не задаваў».

Пракурор запрасіў для Андрэя Дзьмітрыева 2 гады зьняволеньня. Прысуд палітыку абвесьцяць 6 красавіка, як з судовай залі паведаміў сайт Sputnik.

Дзьмітрыеў за кратамі з 11 студзеня, яго прызналі палітвязьнем. Яго ўтрымліваюць у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Палітыка вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах пасьля выбараў 2020 году. Пасьля затрыманьня Сьледчы камітэт заявіў, што палітык «599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Беларусі, зь іх 33 — пасьля 2020 году», а яго кантакты з прадстаўнікамі палітычных колаў Эўропы і ЗША нібыта могуць сьведчыць аб «каардынацыі яго дзейнасьці з-за мяжы».

Дзьмітрыеў узначальваў грамадзкае аб’яднаньне «Гавары праўду», якое ўлады зьліквідавалі ў 2021 годзе. Перад тым у арганізацыі прайшлі ператрусы, яе рахункі заблякавалі.

Яго затрымлівалі 12 жніўня 2021 году ў пэрыяд масавага ціску на прадстаўнікоў СМІ і грамадзкіх арганізацый, але выпусьцілі ў той жа дзень пад падпіску аб невыдаваньні.

Пасьля закрыцьця кампаніі «Гавары праўду» Дзьмітрыеў вёў блог, у якім крытыкаваў уладу. Акрамя таго, ён займаўся стварэньнем новай палітычнай арганізацыі «Робім разам».

Калі палітыка затрымалі, на ягонай старонцы зьявілася загадзя запісанае відэа. На ім ён сказаў, што разумеў, што яго могуць арыштаваць, але не хацеў спыняць дзейнасьць.

На волі ў яго застаюцца жонка і трое дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG