Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна спыніла дзеяньне 20-й па ліку дамовы зь Беларусьсю. Цяпер аб паветраных зносінах


Самалёт Boeing 737-800 з авіяпарку кампаніі Belavia. Архіўнае фота
Самалёт Boeing 737-800 з авіяпарку кампаніі Belavia. Архіўнае фота

Беларусь і Ўкраіна не ажыцьцяўляюць узаемныя палёты з траўня 2021 году.

Кабінэт міністраў Украіны ўхваліў рашэньне аб спыненьні дзеяньня міжурадавай дамовы зь Беларусьсю аб паветраных зносінах. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Кабінэту міністраў Украіны ў парлямэнце Тарас Мельнічук.

Таксама, паводле Тараса Мельнічука, спынена дзеяньне пагадненьняў:

  • аб узаемных пастаўках у 1995 годзе ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі, іншых матэрыяльных сродкаў і аказаньня паслуг дзеля патрэбаў абароны і бясьпекі ад 1994 году,
  • аб дадатковых мерах даверу і бясьпекі ад 2001 году,
  • аб правядзеньні сумесных навукова-дасьледчых і досьледна-канструктарскіх работ у галіне ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі ад 2005 году,
  • узаемнай ахове правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасьці, створаныя і прадстаўленыя ў ходзе двухбаковага вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва ад 2005 году.

Дамова аб паветраных зносінах дзейнічала 27 гадоў. Яе падпісалі ў Менску 17 ліпеня 1995 году. Дакумэнт вызначаў правы бакоў пры ажыцьцяўленьні авіяпалётаў, эксплюатацыі маршрутаў, атрыманьні і скасаваньні дазволаў, выдадзеных авіякампаніям на палёты, правілы спагнаньня платы за аэранавігацыю і іншыя паслугі, прызнаваў дакумэнты пілётаў аб іх доступе да палётаў і канстатаваў адказнасьць бакоў за бясьпеку палётаў.

Беларусь і Ўкраіна не ажыцьцяўляюць узаемныя палёты з траўня 2021 году — пасьля таго, як Беларусь 23 траўня прымусова пасадзіла самалёт Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.

Пасьля тэрміновай пасадкі стала вядома, што сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў». Тады ж Рамана Пратасевіча затрымалі.

Цягам некалькіх дзён пасьля гэтага інцыдэнту шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы і патлумачылі сваё рашэньне неабходнасьцю гарантаваць бясьпеку ўласным грамадзянам.

Украіна цалкам спыніла авіязлучэньне зь Беларусьсю 26 траўня 2021 году і закрыла сваё неба для беларускіх авіякампаній. Тады Лукашэнка назваў гэтае рашэньне Ўкраіны «гадкім» учынкам.

Міжурадавая дамова аб паветраных зносінах стала 20-м заключаным зь Беларусью дакумэнтам, які ўкраінскі ўрад дэнансаваў, зь якога выйшаў або чыё дзеяньне спыніў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG