Паводле тэлеканалу NBC, кітайскі аэрастат, які праляцеў над ЗША, мог сабраць выведную інфармацыю зь некалькіх амэрыканскіх вайсковых аб’ектаў і перадаць яе ў Пэкін у рэжыме рэальнага часу, нягледзячы на намаганьні адміністрацыі Байдэна не дапусьціць гэтага, піша «Голас Амэрыкі».
Вышынны аэрастат, які накіроўваўся з КНР, змог зрабіць некалькі пралётаў над шэрагам аб’ектаў, перш чым быў зьбіты 4 лютага, паведаміў тэлеканал NBC са спасылкай на двух высокапастаўленых афіцыйных асоб і аднаго былога высокапастаўленага супрацоўніка адміністрацыі.
Гэтыя тры крыніцы заявілі, што аэрастат мог перадаваць сабраную інфармацыю ў Пэкін у рэжыме рэальнага часу, паведамляе NBC.
«Сабраная Кітаем выведная інфармацыя складалася з электронных сыгналаў, якія могуць быць атрыманыя ад сыстэм узбраеньня або ўключаць у сябе паведамленьні ад пэрсаналу базы, але не выявы», — цытуе NBC словы афіцыйных асоб.
Аэрастат, які выконваў, насуперак запэўніваньням афіцыйнага Пэкіну, выведныя функцыі, на пачатку лютага на працягу тыдня ляцеў над ЗША і Канадай, перш чым амэрыканскія вайскоўцы зьбілі яго каля Атлянтычнага ўзьбярэжжа на загад прэзыдэнта Джо Байдэна.
Інцыдэнт яшчэ больш абвастрыў адносіны паміж Вашынгтонам і Пэкінам, з прычыны чаго дзяржсакратар Энтані Блінкен адклаў раней заплянаваны візыт у Пэкін.
17 лютага ЗША заявілі, што збор абломкаў і датчыкаў аэрастата пасьпяхова завершаны і што трэба будзе правесьці аналіз яго «зьмесьціва».
Тым часам прадстаўнікі Пэнтагону заявілі ў панядзелак, што ня могуць пацьвердзіць паведамленьні аб тым, што кітайскі аэрастат мог перадаць у Кітай выведныя дадзеныя ў рэжыме рэальнага часу.