Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ: Фігурантам крымінальнай справы аб дывэрсіі ў Мачулішчах можа пагражаць сьмяротнае пакараньне


Самалёт A-50. Ілюстратыўнае фота
Самалёт A-50. Ілюстратыўнае фота

Заяву КДБ Беларусі даюць дзяржаўныя тэлеканалы. Паводле іх, па справе праходзіць каля 30 чалавек.

«Усім фігурантам крымінальнай справы прад’яўлена абвінавачаньне па частцы 3 артыкула 289 Крымінальнага кодэксу Беларусі (Акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай). Максымальная санкцыя прадугледжвае пакараньне ажно да сьмяротнага», — піша БелТА.

Праваабаронцы «Вясны» зазначаюць, што дзяржаўныя тэлеканалы паведамілі пра 30 фігурантаў справы аб дывэрсіі ў Мачулішчах. Такую ж лічбу ў «пасланьні да народу і парлямэнту» 31 сакавіка назваў Лукашэнка.

Раней «Вясна» паведаміла, што 3 сакавіка супрацоўнікі КДБ у справе дывэрсіі ў Мачулішчах затрымалі Максіма Лапаціна. Затрыманага ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары КДБ. Пра Максіма Лапаціна ў сваім фільме ўзгадвалі прапагандысты БТ.

23 сакавіка затрымалі і жонку Максіма — Людмілу Лапаціну. Абаім інкрымінуюць арт. 289 Крымінальнага кодэксу — «тэрарызм». У іх двое непаўналетніх дзяцей.

26 лютага 2023 году ByPol і лідэры апазыцыі ў выгнаньні паведамілі, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У быў пашкоджаны ў выніку атакі бесьпілётнікаў на авіябазу ў Мачулішчах.

Група ByPol паведаміла пра два выбухі і пашкоджаньне пярэдняй і сярэдняй частак А-50, а таксама антэны радара.

Паводле ByPol, удзельнікі пляну «Перамога» скарысталі для гэтага два дроны кампаніі DJI, якія саматужна пераабсталявалі ў дроны-камікадзэ. Кожны дрон нёс выбуховае рэчыва — 200 грамаў у тратылавым эквіваленце. Скарысталі мэталічныя шары, прыблізна 200 штук на кожны.

Увечары 1 сакавіка дзяржаўныя тэлеканалы паказалі відэа з самалётам А-50, сьцьвярджаючы, што ён не пашкоджаны. На ім самалёт рухаецца ў цемры па засьнежанай бэтоннай паверхні аэрадрому.

2 сакавіка праект «Беларускі Гаюн» паведаміў, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У з рэгістрацыйным нумарам RF-50608 вылецеў у Расею.

Аляксандар Лукашэнка прызнаў інцыдэнт з расейскім самалётам у Мачулішчах 7 сакавіка, праз тыдзень пасьля здарэньня. Ён паведаміў, што ў Беларусі нібыта затрымалі «тэрарыста ўкраінскіх спэцслужбаў і ягоных паплечнікаў», адказных за інцыдэнт.

Роля самалёта А-50 — ствараць пазнавальную карціну паветранай абстаноўкі і забясьпечваць каардынацыю дзеяньняў зьнішчальнікаў.

Нягледзячы на тое, што пашкоджаньні афіцыйна не пацьверджаныя, брытанская выведка адзначае, што страта А-50 была б значнай для РФ, бо самалёт мае вырашальнае значэньне для расейскіх паветраных апэрацый у стварэньні карціны паветранай прасторы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG