Матэрыялы Reckoning Project, разам з падарожжамі ў Кіеў і на нядаўна вызваленыя тэрыторыі, ляглі ў аснову новага дасьледаваньня, над якім працуе вядомая амэрыканская журналістка Эн Эплбаўм, піша «Голас Амэрыкі».
Яна зьяўляецца пастаяннай аўтаркай часопіса Atlantic і напісала некалькі кніг на тэму злачынстваў таталітарных рэжымаў: «Чырвоны голад: вайна Сталіна супраць Украіны», «Жалезная заслона: Разгром Усходняй Эўропы 1944–1956 гг.» і «ГУЛАГ: Гісторыя».
29 сакавіка каля сьценаў Украінскага дасьледчага інстытуту ў Гарвардзе яна расказала пра тое, што ёй як дасьледчыцы таталітарных рэжымаў здалося знаёмым, а што зьдзівіла нават пасьля дасьледаваньняў ГУЛАГу і Галадамору.
Слова «акупацыя» азначала мінуўшчыну, але Расея вярнула яго з гістарычных архіваў
Само паняцьце «акупацыя», кажа Эплбаўм, магло стаць гісторыяй часоў Другой сусьветнай вайны. Але з расейскім маштабным увараваньнем ва Ўкраіну ў лютым 2022 году выявілася, што гісторыя вярнулася з архіваў — палітыка і падыходы, якія расейскія войскі намагаліся ўкараняць на акупаванай тэрыторыі Ўкраіны, вельмі нагадвалі тыя, якія савецкая ўлада ўкараняла на акупаваных тэрыторыях Усходняй Эўропы — у Польшчы, Вугоршчыне, краінах Балтыі і Чэхаславакіі:
«Відавочна, што расейская ФСБ зь невялікімі нюансамі выкарыстоўвае старыя сцэнары НКВД — як пакарыць насельніцтва, зьмяніць ягоныя звычкі і нават ягоную ідэнтычнасьць. Усе гэтыя рэчы былі выпрабаваныя раней, і іх паўтарылі цяпер», — кажа Эплбаўм.
Расейскія акупанты паводзяцца так, быццам ніколі ня бачылі валянтэраў
У адрозьненьне ад савецкіх часоў, зазначае Эплбаўм, расейцы, якія прыйшлі акупаваць Украіну, ведалі, што трэба зьнішчыць, але ня ведалі, што, наадварот, трэба пабудаваць. Калябаранты, якіх расейцы не знайшлі ва Ўкраіне, у адрозненьне ад падрыхтаваных у Маскве польскіх кадраў часоў Другой сусьветнай вайны, былі выпадковымі людзьмі, кажа Эплбаўм, і ня мелі ведаў пра тое, як кіраваць чым-небудзь. Вывесіўшы тут і там расейскія ці савецкія сьцягі, акупанты не турбаваліся пра тое, каб залучыць акупаваных украінцаў на свой бок.
Яшчэ адной катэгорыяй людзей, якія выклікалі цалкам неразуменьне расейцаў, былі валянтэры — людзі, якія кіравалі нядзяржаўнымі арганізацыямі, якія спантанна арганізоўваліся, дапамагалі іншым. Як гаворыць Эплбаўм, у Расеі дзяржава стараецца зьнішчыць любую незалежную актыўнасьць грамадзян, таму расейскія салдаты дагэтуль не сутыкаліся з такой зьявай.
Сучасная расейская акупацыя належыць да даўняй традыцыі расейскага імпэрыялізму
Калі яны арыштоўвалі такіх людзей, то імкнуліся катаваньнямі дазнацца пра тое, ці не арганізоўваюць яны прадуктовы фонд па заданьні СБУ ці ЦРУ, падобна да таго, як савецкая ўлада падазравала, што польскія скаўты былі часткай антысавецкай змовы. Тыя, што прайшлі гэтыя катаваньні і выжылі, апавядаюць, што пытанні, якія ставілі расейцы, сьведчылі, што яны ўпершыню бачылі перад сабою валянтэра і ня верылі ў яго існаваньне.
Адзін з дасьледчыкаў Reckoning Project лічыць, што велізарная колькасьць «фільтрацыйных лягераў» на акупаваных тэрыторыях тлумачыцца гэтай задачай — трэба было ізаляваць усіх лідэраў, але «ідэя лідэраў пашырылася», цяпер ім можа стаць амаль кожны ўкраінец.
Нянавісьць да ўсіх, каго немагчыма кантраляваць
Як кажа Эплбаўм, асабліва ўражвае дасьледчыкаў несправакаваная жорсткасьць, зь якой пачалі дзейнічаць расейскія аккупанты — нічога з таго, што рабілі ці казалі цывільныя ўкраінцы, не магло стаць прычынай такіх паводзінаў:
«Сучасная расейская акупацыя належыць да даўняй традыцыі расейскага імпэрыялізму і савецкага генацыду. Масква хоча зьнішчыць Украіну як асобную краіну і саму ўкраінскую ідэнтычнасьць. Аккупанты думалі, што гэтая задача будзе лёгкай, таму што яны, як і Пуцін, зыходзілі з таго, што ўкраінская дзяржава і ўкраінскае грамадзтва слабыя, бо так ім сказалі, і яны ў гэта вераць», — кажа Эплбаўм.
Яна заўважае, што расейская акупацыя трапіла ў заганнае кола — расчараваньне і некампэтэнтнасьць вядуць да гвалту, гвалт да большага супрацьстаяньня, супрацьстаяньне да яшчэ большай жорсткасьці:
«І гэта ёсьць лёгіка генацыду, які адбываецца проста цяпер на акупаваных расейцамі тэрыторыях», — кажа Эплбаўм. Расейцы стараюцца зьнішчыць цывілізацыю, якой яны не разумеюць.