Яўген Барышнікаў — беларускі музыка, журналіст, праграміст, які ў 2021 годзе выехаў зь Беларусі. Каля году ён жыў у Львове і валянтэрыў падчас вайны. Цяпер ён разам з аднадумцамі пачаў арганізоўваць у Гданьску імпрэзы зь беларускімі традыцыйнымі танцамі. Мы пагаварылі пра тое, чаму ён дагэтуль не адключае на тэлефоне натыфікацыі паветранай трывогі ў Львове, як ён бачыць прымірэньне ўкраінцаў і беларусаў пасьля завяршэньня вайны і адкуль мае сілы, каб ладзіць культурныя падзеі пасьля пераездаў і жыцьця падчас вайны.
«З такім сэрвісам плаціць падаткі зусім ня хочацца»
Яўгену Барышнікаву 39 гадоў. Яшчэ ў 2021 годзе ён супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат». На наступны дзень пасьля гвалтоўнай пасадкі самалёта з Раманам Пратасевічам выехаў зь Беларусі. Некалькі месяцаў пажыў у Польшчы, потым пераехаў ва Ўкраіну.
«Я айцішнік. Ва Ўкраіне падатак 5%, у Польшчы — у 5 разоў большы. Ёсьць варыянт Грузіі з падаткам 1%, але там Расея занадта блізка», — тлумачыць выбар краіны суразмоўца.
Сярод прычынаў ад’езду была ня толькі небясьпека затрыманьня, але і тыя ж падаткі.
«Плаціць падаткі ў Беларусі — значыць плаціць той настаўніцы або таму міліцыянту. З такім сэрвісам плаціць падаткі зусім ня хочацца. Дзяржава цябе ніяк не абараняе, наадварот, стварае праблемы. Тады я буду плаціць падаткі ў іншым месцы», — разважае Яўген.
«Калі хочаце зрабіць мне прыемна, расказвайце, што беларусы вас прымалі»
Летась 24 лютага ён вырашаў, выяжджаць з Украіны ці заставацца.
«Мой прыяцель, украінскі айцішнік, на пытаньне „Што б ты рабіў на маім месцы?“ адказаў: „Мабыць, едзь, гэта ж не твая вайна“. А сам на другі дзень пайшоў у камісарыят і запісаўся ў добраахвотнікі. Ён дагэтуль на фронце», — успамінае Яўген.
У першыя дні вайны Барышнікаву напісалі знаёмыя з Кіева, папрасілі спыніцца ў ягонай кватэры па дарозе за мяжу. Потым у чат беларусаў Львова напісала ўкраінка з Запарожжа з аналягічнай просьбай пераначаваць. Патлумачыла гэта проста: «Мне сказалі, беларусы дапамагаюць». Затым запрацавала сарафаннае радыё. Цягам наступных тыдняў Барышнікаў прыняў у сваёй арандаванай двухпакаёўцы каля 40 чалавек. Спалі і на матрацы на падлозе.
«Пачынаюць ехаць уцекачы — зь дзецьмі, коцікамі, сабачкамі. У іх разбураныя дамы ў Харкаве ці Ірпяні, яны соднямі дабіраюцца да Львова ў перапоўненых вагонах, ты пачынаеш ім дапамагаць і разумееш, што, ёсьць людзі, каму горш, і таму ты ня маеш права ныць і скардзіцца. Працуем. Адразу здымаюцца пытаньні, які я няшчасны, як мне жыць. Проста бярэш і робіш тое, што можаш, тут і цяпер», — тлумачыць сваё рашэньне застацца беларус.
Ён кажа, што дапамагаў украінцам не таму, што грамадзянін краіны, адкуль ляцелі ракеты. Хоць адной з мэтаў было «падправіць рэнамэ беларусам».
«У мяне няма пачуцьця віны. Мне здаецца, калі людзям кепска, то дапамагаць ім — гэта нармальна», — кажа валянтэр.
Аднойчы яму хацелі даць грошы за начлег, ён адмовіўся: «Калі хочаце аддзячыць, расказвайце, што беларусы вас прымалі, гэтага дастаткова». Як стала зразумела, што Расея «загразла», украінцы перасталі выяжджаць. Тады ў Барышнікава на некалькі месяцаў пасяліліся ўкраінскія хлопцы-валянтэры, якія вазілі гуманітарную дапамогу ва Ўкраіну.
«Сорак гадоў ня самы аптымальны ўзрост пачынаць вайсковую кар’еру»
Яўген тлумачыць, што вельмі хутка ва ўмовах вайны кожны зразумеў, каму чым займацца. Валянтэрылі многія, хто як мог. Прыём уцекачоў неўзабаве ператварыўся ў частку штодзённай руціны, і праз тыдзень айцішнік вярнуўся да звычайнай працы. Ранкам сустракаў чарговых уцекачоў, потым ішоў на працоўныя сазвоны. Яшчэ каля паўгода ён заставаўся ва Ўкраіне, вёў у Facebook #ЛьвоўскіДзённік.
Пытаньне, ці ісьці ваяваць, пэўна, пасьля 24 лютага задаў сабе кожны, хто жыў ва Ўкраіне, пагаджаецца суразмоўца. Прызнаецца, што для яго гэта складана.
«Хтосьці сябе апраўдвае тым, што ёсьць сям’я і дзеці, якіх ты мусіш утрымліваць. Для мяне гэта таксама фактар», — называе прычыны Яўген.
Да таго ж вострай неабходнасьці ісьці на фронт не было. Спачатку бралі людзей з вайсковым досьведам, якіх ня трэба рыхтаваць. Потым адзначылі, што людзей хапае, бракуе вайсковай тэхнікі, пералічвае Яўген.
«Ды і мне амаль 40 гадоў, гэта ня самы аптымальны ўзрост пачынаць вайсковую кар’еру, хоць кагосьці гэта не спыняе. Калі б вайна дайшла да Львова, то, хутчэй за ўсё, я бы зь мясцовымі пацанамі спрабаваў адкідвацца „кактэйлямі Молатава“. Мне ня сорамна пра гэта гаварыць. Мне было б сорамна, каб гэта быў мой абавязак, а я б спрабаваў выехаць за мяжу ў жаночым адзеньні», — кажа ён.
Яшчэ адна прычына не ісьці на фронт, паводле Яўгена, што лепей спэцыялістам у сваіх галінах (у ІТ-сфэры, энэргетыцы) заставацца на сваіх месцах, бо там ад іх будзе больш карысьці для эканомікі ваюючай краіны, чым на перадавой. Таму многія ўкраінцы маюць бронь ад прызыву.
Прапанаваў пералічыць грошы з заблякаванага рахунку на УСУ
Сярод складанасьцяў жыцьця ва Ўкраіне Барышнікаў называе толькі блякаваньне ягонага ўкраінскага рахунку, як і рахункаў усіх беларусаў, 25 лютага 2022 году. Там заставалася каля тысячы даляраў. Аднак у побыце гэта ня выклікала значных перашкод, Яўген мог і далей атрымліваць заробак, бо меў яшчэ карту польскага банку.
Разблякаваць рахунак у яго так і ня выйшла. Дапамагчы маглі бы Міністэрства лічбавай інфармацыі Ўкраіны, Служба бясьпекі і Нацбанк. Аднак у выніку ведамствы перанакіроўвалі беларуса паміж сабой, а рашэньня ніхто не прымаў. Яўген прасіў у банка дазволіць яму хаця б заплаціць падаткі са свайго рахунку, а рэшту пералічыць на Ўзброеныя сілы Ўкраіны, як дазваляе пастанова Нацбанку аб блякаваньне рахункаў. Аднак і гэтага не атрымалася зрабіць.
У асабістых дачыненьнях, кажа суразмоўца, да яго не было кепскага стаўленьня з боку ўкраінцаў. Некалькі разоў прыходзілі са Службы бясьпекі Ўкраіны: праверыць дакумэнты, пагаварыць. Аднак Барышнікаў лічыць гэта нормай у сытуацыі вайны.
«Хто ў каго павінен прасіць прабачэньня?»
З Украіны Яўген выехаў з прычыны некалькіх фактараў, галоўным зь якіх называе бюракратыю.
«Я б з задавальненьнем заставаўся ва Ўкраіне, але ўкраінская бюракратыя сказала: „Чувак, мы зробім усё, каб табе гэта было максымальна складана“. Я падумаў: калі з украінскай эканомікай усё добра і мае падаткі ёй абсалютна не патрэбны, то окей», — кажа беларус.
Ён адзначае, што не крыўдуе на Ўкраіну. Толькі мае «спэцыфічнае стаўленьне» да ўкраінскай бюракратыі і некаторых палітыкаў, якія «вярзуць лухту» пра Беларусь.
«Прычыны, зь якіх Украіна так паводзіць сябе ў дачыненьні да Беларусі, абсалютна зразумелыя. Мы можам пра гэта гаварыць, але ня можам выстаўляць ёй гэта ў віну. Дарослыя людзі маюць права рабіць у сваёй краіне, што лічаць патрэбным», — мяркуе ён.
Адначасна суразмоўца перакананы, што перамога Ўкраіны ў вайне — гэта нацыянальны інтарэс беларусаў, таму Ўкраіну варта падтрымліваць, незалежна ад ейнага стаўленьня. Паводле Яўгена, няма адзінай украінскай пазыцыі ў дачыненьні да беларусаў. Ён заўважыў, што ўкраінцы, якія да вайны сутыкаліся зь беларусамі, заўжды з большым разуменьнем ставяцца да беларускай сытуацыі і не дазваляюць сабе абразаў. Барышнікаў пераканаўся за год жыцьця ва Ўкраіне, што беларусы і ўкраінцы проста ня ведаюць адно аднаго.
«У 2019 годзе 67% украінцаў лічылі Лукашэнку добрым палітыкам. Уяўленьне пра Беларусь як пра Савецкі Саюз шмат у каго з украінцаў існавала. Хто ў каго павінен прасіць прабачэньня? Мэр Львова пасьля 2020 году зьбіраўся купляць у Беларусі аўтобусы МАЗ, яго спыніла толькі грамадзкае абурэньне. Украінцы самі былі вельмі неабачлівыя ў сваіх сымпатыях і за гэта паплаціліся», — разважае Яўген.
Ён думае, што пасьля завяршэньня актыўнай стадыі вайны ўкраінцам будзе не да беларусаў і прымірэньня зь імі. Пачнуцца «разборкі» ўнутры краіны, кшталту чаму хутка здалі Херсон або як паразумецца з жыхарамі Крыму і Данбасу, якія доўгі час былі пад акупацыяй.
Барышнікаву не падабаецца стаўленьне многіх украінцаў да беларусаў з пазыцыі «старэйшых братоў», якія нібыта больш ведаюць і ўмеюць. На ягоную думку, такая пазыцыя не адрозьніваецца ад расейскага шавінізму. Ён лічыць, што выйсьцем можа быць узаемнае інфармаваньне пра тое, што сапраўды адбываецца ўнутры кожнай краіны.
«Калі б не было 2020 году ў Беларусі, то ўсё было б супэрцяжка. Але беларусы паказалі і сабе, і ўсяму сьвету, што яны не безнадзейныя, з гэтых пазыцый можна размаўляць далей», — думае Барышнікаў.
«Для цябе вайна вельмі хутка перастае існаваць»
Ужо ў Польшчы Яўген напісаў песьню «Зарапад», дзе гучыць паветраная трывога.
«Я прагульваўся каля палаца Браніцкіх у Беластоку на Дзяды, лісьцікі падфутбольваў, і мне прыйшла натыфікацыя аб паветранай трывозе. Ходзіш па парку, больш няма вайны. Для цябе вельмі хутка яна перастае існаваць. Для мяне гэта быў шок, калі ты прыяжджаеш, а тут людзі могуць весяліцца, працаваць, шпацыраваць і ня думаць, што недзе побач руйнуюцца гарады. Першае ўражаньне: а як вы тут можаце проста так жыць?», — успамінае Яўген.
Натыфікацыі паветранай трывогі ён не выключыў на тэлефоне дагэтуль, «каб не расслабляцца». Новую песьню музыка прысьвяціў людзям, якія пакінулі свае гарады.
«Гэта гаворка і пра людзей, якія пайшлі на фронт. Мой сябар цяпер не жыве ў горадзе, дзе жыў, а жыве ў акопе. А ў гэты горад часам нешта прылятае, а ў яго там блізкія людзі. Ёсьць гарады, дзе жылі людзі, якія загінулі, прыкладам герой, якога расстралялі за „Слава Ўкраіне“. Ёсьць горад, дзе ён больш не жыве. У Беларусі засталіся людзі, якія ўспамінаюць цябе і глядзяць на зорачкі, якія паўсюль відаць», — расказвае Яўген пра сэнсы твора.
«Танцы — гэта частка культурнага падмурку»
У Гданьску Яўген разам з аднадумцамі пачаў ладзіць вечарыны беларускіх традыцыйных танцаў. Гэтым музыка шмат займаўся і ў Беларусі. Кажа, што там сабралася dream-team з музыкаў і танцавальных інструктараў, і «грэх гэтым было б не скарыстацца».
«Танцы — гэта частка культурнага падмурку, гэта пра ідэнтычнасьць, адчуваньне сябе, культурных каранёў, пра тое, што робіць беларусаў беларусамі. Гэта разнавіднасьць сацыяльных танцаў, якія дазваляюць людзям бавіць час. Парог уваходу даволі нізкі, прыйшоў і танчы», — расказвае музыка.
Штораз да яго патанцаваць прыходзіць 20-30 чалавек, кажа Барышнікаў.
«Мне заўсёды мала. Народныя танцы — гэта нішавая рэч. У кагосьці гэта асацыюецца з калгасам, „Харошкамі“, з аляпаватымі строямі. У нас зьяўляюцца сталыя наведнікі. Трэба даводзіць варушняк да такога стану, калі ты перастаеш у ім удзельнічаць. Гэта ўнёсак у агульную скарбонку, які мы можам рабіць. „Рабі, што можаш, і будзь што будзе“», — камэнтуе музыка.
Ён ня лічыць дзіўным тое, што пасьля пераездаў і жыцьця ва ўмовах вайны ажыцьцявіў культурную ініцыятыву. Наадварот, Яўген крытыкуе тых, хто шмат скардзіцца на абставіны жыцьця, а мала робіць.
«Я разумею пакуты беларусаў. Аднак ёсьць ня вельмі прыемны, але эфэктыўны спосаб: калі ты думаеш, што ў цябе ўсё пагана, схадзі ў дзіцячы госьпіс і паглядзі тым людзям у вочы. Пагавары зь людзьмі з Украіны, якім разбамбілі дом. Вы жывыя, здаровыя, ручкі-ножкі на месцы, маеце галаву на плячах — наперад! Гэты беларускі плач і пакуты — ну колькі можна?!» — разважае ён.
Аднак музыка прызнаецца, што танцаваць у Польшчы, калі па суседзтве ідзе вайна, яму «няёмка». Яны з паплечнікамі рабілі танцы і ў Львове падчас вайны. Туды часам завітвалі вайскоўцы на ратацыі, у тым ліку каліноўцы. Казалі: «Добра, што працягваеце жыць паўнавартасна, мы акурат за гэта і ваюем». Там кожны раз зьбіралі данаты для войска, выходзіла каля 100 даляраў за імпрэзу. У Польшчы вайна не адчуваецца, таму людзі падчас танцаў спачатку ахвяравалі на патрэбы Ўкраіны, а потым перасталі.
«Дзе Беларусь?» — «Туць»
У Яўгена цяпер няма вострага жаданьня вярнуцца ў Беларусь, ён не чакае дня, калі можна будзе бясьпечна паехаць на радзіму. Хаця ў старасьці хацеў бы пажыць у родным Слоніме, які «мае вялікі культурны патэнцыял».
«Беларусь у мяне ўнутры. Я апошнія гады паезьдзіў там-сям і разумею, што беларускімі справамі я магу займацца дзе заўгодна. Шмат якія народы жывуць расьцярушаныя па сьвеце, і гэта ім не замінае заставацца, кім яны ёсьць. Як карцінка пра коціка: „Дзе Беларусь?“ — „Туць“. Беларусь павінна быць „туць“», — паказвае ён на сэрца.
Барышнікаў кажа, што адчувае сябе дома ў цэлым рэгіёне паміж Усходам і Захадам: гэта і Польшча, і Літва, і Ўкраіна, і Беларусь. На ягоную думку, неканструктыўна падкрэсьліваць адрозьненьні паміж краінамі, лепш шукаць тое, што аб’ядноўвае.
«З гэтага памежжа трэба рабіць ня „глюк“, а „фішку“. Мы можам прыехаць у некалькі суседніх краін з рознымі мовамі і паўсюль паразумецца. Так ня ўсе на плянэце могуць. У нас будзе супольная гісторыя, супольныя героі і антыгероі. Мне больш цікавая Эўропа рэгіёнаў, якая аб’ядноўвае, а не разьдзяляе», — разважае ён.
Яўген дадае, што агулам глядзіць на беларускую сытуацыю пазытыўна, хаця параўнаньне цяперашняга стану зь 2020 годам выглядае «дужа змрочна».
«Але калі памяняць оптыку і параўнаць, напрыклад, з сытуацыяй 2010, 2006, 1996, 1906 гадоў, то зрухі тэктанічныя. Чыста статыстычна 40-гадовыя людзі зь вялікай доляй імавернасьці перажывуць 70-гадовых. Таму гэтую крывавую агонію homo soveticus мы – маё і, тым больш, маладзейшыя пакаленьні беларусаў – дакладна перажывем. А можа нават і прысьпешым», – кажа ён.