У панядзелак раніцай нафта маркі Brent таргавалася на ўзроўні 85 даляраў за барэль, што на 7% вышэй, чым напярэдадні.
У арганізацыю OPEC+ уваходзяць Саудаўская Арабія, Ірак, некалькі краін Пэрсыдзкай затокі, Казахстан, Альжыр і Расея. На іх долю прыпадае каля 40 працэнтаў вытворчасьці нафты ў сьвеце.
Саудаўская Арабія заявіла, што зьнізіць вытворчасьць на 500 тысяч барэляў за дзень, каб «падтрымаць стабільнасьць нафтавага рынку».
Віцэ-прэмʼер Расеі Аляксандр Новак таксама абвясьціў, што Масква падаўжае сваё рашэньне аб добраахвотным скарачэньні здабычы з сакавіка на паўмільёна барэляў на дзень да канца 2023 году, перадае ТАСС.
Ірак скароціць здабычу на 211 тысяч барэляў на дзень, ААЭ — на 144 тысячы.
Цяперашняе скарачэньне стане дадаткам да абвешчанага ў кастрычніку мінулага года зьніжэньня здабычы на два мільёны барэляў на дзень, якое крытыкавалі Злучаныя Штаты і іншыя заходнія краіны. ЗША абвінавацілі OPEC+ і аднаго зь лідэраў абʼяднаньня, Саудаўскую Арабію, у тым, што яна прытрымліваецца інтарэсаў Расеі, нягледзячы на вайну ва Ўкраіне.
У Белым доме заявілі, што лічыць новае скарачэньне неразумным.
Пры гэтым ЗША заклікалі вытворцаў нафты павысіць абʼёмы вытворчасьці, каб зьнізіць цэны на энэрганосьбіты і дапамагчы барацьбе з інфляцыяй, а таксама перашкодзіць Расеі атрымліваць больш даходаў для фінансаваньня вайны ва Ўкраіне.
У пачатку лютага заходнія краіны ўвялі практычна поўнае эмбарга на расейскі нафтавы экспарт, а таксама вызначылі гранічную цану на расейскую нафту ў $60 за барэль. У той жа час, як паведамляе The Wall Street Journal, Японія купляе расейскую нафту па цане, вышэйшай за 60 даляраў за барэль.
Паводле зьвестак выданьня, Токіё дабіўся ад ЗША выключэньня з узгодненай столі цэн для паставак з праекту «Сахалін-2». Японскія ўлады абгрунтавалі гэта тым, што ім неабходны доступ да расейскіх энэрганосьбітаў, а «Сахалін-2» — ключавая крыніца паставак звадкаванага прыроднага газу ў Японію. У ліпені мінулага года актывы апэратара «Сахалін-2» указам Уладзіміра Пуціна былі перададзены дзяржаве.
Цэны на нафт урэзка вырасьлі пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Яны дасягалі адзнакі 130 даляраў за барэль. Аднак у сакавіку гэтага году на фоне боязі, што сусьветны банкаўскі крызіс ударыць па попыце, упалі да 70 даляраў за барэль, што стала самым нізкім узроўнем за апошнія 15 месяцаў, адзначае Reuters.