Па дадзеных грамадзкага вяшчальніка Yle, пасьля канчатковага падвядзеньня вынікаў НКП можа атрымаць у парлямэнце 48 мандатаў — на два больш, чым нацыяналістычная партыя «Сапраўдныя фіны».
Сацыял-дэмакратычнай партыі цяперашняй прэмʼер-міністаркі Фінляндыі Саны Марын, з высокай доляй імавернасьці, дастанецца трэцяе месца і 43 дэпутацкія крэслы. Усяго ў парлямэнце 200 дэпутатаў, зазначае Reuters.
Пасьля таго, як выбарчая камісія краіны падлічыла больш за 97 працэнтаў пададзеных бюлетэняў, Associated Press паведаміла, што правацэнтрысцкая НКП абʼявіла аб перамозе на выбарах, і што ў яе 20,7% галасоў. Далей ідуць «Сапраўдныя фіны» — 20,1%, а ў сацыял-дэмакратаў 19,9% галасоў падтрымкі.
Канчатковыя вынікі выбараў стануць вядомыя ў сераду, 5 красавіка.
37-гадовая Марын ужо прызнала паражэньне. Яна сутыкаецца з крытыкай у адрас сваёй партыі, у прыватнасьці ў пытаньні аб дзяржвыдатках, піша «Голас Амэрыкі».
У выпадку перамогі НКП яе старшыня Арпо атрымае першы шанец сфармаваць кааліцыю. Партыя перамагала ў апытаньнях амаль два гады, хаця ў апошнія месяцы яе перавага памяншалася.
Нацыянальная кааліцыйная партыя абяцала ў выпадку прыходу да ўлады скараціць выдаткі і спыніць рост дзяржаўнага доўгу.
Калі чатыры гады таму Сана Марын узначаліла фінскі ўрад, яна стала самым маладым у сьвеце прэмʼер-міністрам, а ўсімі пяцьцю партыямі, якія ўвайшлі ў кааліцыю, кіравалі жанчыны. Пры Марын краіна пачала працэс уступленьня ў NATO — у адказ на расейскае поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну. Пры гэтым адзначаецца, што вайна ва Ўкраіне мела толькі невялікі ўплыў на сёлетнюю выбарчую кампанію ў Фінляндыі.