Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн пра выступы Ціханоўскай і Пінчук: «Мы пачулі дзьвюх неверагодных жанчын»


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн адрэагаваў на выступы Сьвятланы Ціханоўскай і Натальлі Пінчук на Другім дэмакратычным форуме.

«Мы толькі што пачулі дзьвюх неверагодных жанчын, якія робяць неверагодную справу адносна Беларусі. Яны заслугоўваюць, як і ўсе жанчыны, быць прадстаўленымі», — цытуе словы амэрыканскага прэзыдэнта амбасада ЗША ў Беларусі.

Апазыцыйная палітык Сьвятлана Ціханоўская і жонка нобэлеўскага ляўрэата і палітвязьня Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук выступілі па чарзе ў онлайн-фармаце на Другім саміце за дэмакратыю, які праходзіць у Вашынгтоне пад патранатам прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна.

Сьвятлана Ціханоўская ​заявіла, што паходзіць зь Беларусі, краіны несвабоднай, якая 28 гадоў жыве пад жорсткай тыраніяй:

«Краіна, дзе людзі пазбаўленыя асноўных правоў чалавека. Краіна, якой кіруе страх, дзе нават за вымаўленае шэптам слова „свабода“ могуць пасадзіць у турму.

Самы цяжкі ўрок, які мы засвоілі за гэтыя гады, — гэта тое, што свабода ніколі не даецца бясплатна, яна прыходзіць з патрабаваньнямі. І незалежнасьць таксама не гарантаваная назаўжды. Гэтыя каштоўнасьці патрабуюць мужнасьці, адказнасьці і самаахвярнасьці. Ім патрэбныя людзі, гатовыя ставіць інтарэсы іншых на першае месца».


Натальля Пінчук у сваім выступе сказала, што Беларусь шмат гадоў была цёмнай плямай для Эўропы, але раптам у 2020 годзе вобраз Беларусі зьмяніўся:

«На зьдзіўленьне многіх, дыктатуры кінула выклік жанчына. Сьвятлана не зьбіралася ісьці ў палітыку. Але калі яе муж вырашыў балятавацца ў прэзыдэнты і быў арыштаваны, яна мужна стала на яго месца. Улады не ўспрымалі яе ўсур’ёз і заплацілі вялікую цану.

Выбары выйграла Сьвятлана. Рэжым не пагадзіўся з воляй народу і пры падтрымцы Масквы пачаў тэрарызаваць беларусаў. Сьвятлана працуе для сваіх людзей. Яна стала сапраўдным лідэрам у вачах беларусаў і ўсяго сьвету. Яна стварае будучыню дэмакратычнай Беларусі, увесь час перажываючы страх і траўмы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG