Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская і Натальля Пінчук выступілі на Другім саміце за дэмакратыю, які праходзіць пад патранатам Байдэна


Сьвятлана Ціханоўская, 2023
Сьвятлана Ціханоўская, 2023

У Вашынгтоне пачаўся двухдзённы Другі саміт за дэмакратыю. Ён праходзіць з удзелам прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна.

На міжнародным форуме выказаліся і прадстаўніцы Беларусі — апазыцыйная палітык Сьвятлана Ціханоўская і жонка нобэлеўскага ляўрэата і палітвязьня Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук, якія выступілі па чарзе ў онлайн-фармаце.

Ціханоўская: «Свабода ніколі не даецца бясплатна»

Сьвятлана Ціханоўская ​заявіла, што паходзіць зь Беларусі, краіны несвабоднай, якая 28 гадоў жыве пад жорсткай тыраніяй.

«Краіна, дзе людзі пазбаўленыя асноўных правоў чалавека. Краіна, якой кіруе страх, дзе нават за вымаўленае шэптам слова „свабода“ могуць пасадзіць у турму.

Самы цяжкі ўрок, які мы засвоілі за гэтыя гады, — гэта тое, што свабода ніколі не даецца бясплатна, яна прыходзіць з патрабаваньнямі. І незалежнасьць таксама не гарантаваная назаўжды. Гэтыя каштоўнасьці патрабуюць мужнасьці, адказнасьці і самаахвярнасьці. Ім патрэбны людзі, гатовыя ставіць інтарэсы іншых на першае месца.

Адна з такіх людзей — Натальля. Я пазнаёмілася зь ёй нядаўна, але даўно захаплялася яе адвагай. Справа яе мужа, вядомага дэмакратычнага актывіста і палітвязьня Алеся Бяляцкага, стала легендай сярод беларусаў».

Сьвятлана Ціханоўская. 2022
Сьвятлана Ціханоўская. 2022

Ціханоўская ​расказала, як Натальля 35 гадоў падтрымлівала Алеся, які мірна змагаўся за незалежнасьць Беларусі, рызыкуючы ў часы камуністычнай дыктатуры. А калі Алеся зноў арыштавалі, яна стала яго галоўнай абаронцай, падчас уручэньня яму Нобэлеўскай прэміі міру летась яна выступіла ад яго імя, заклікаўшы сьвет быць рашучым у падтрымцы беларускага народу ў ягонай барацьбе за дэмакратыю і выжываньне Беларусі як незалежнай дзяржавы.

«Многія называюць нашу рэвалюцыю „жаночай“ менавіта праз такіх людзей, як Натальля».

Пінчук: «Выклік дыктатуры кінула жанчына»

Натальля Пінчук у сваім выступе сказала, што «Беларусь шмат гадоў была цёмнай плямай для Эўропы, але раптам у 2020 годзе вобраз Беларусі зьмяніўся:

«На зьдзіўленьне многіх, дыктатуры кінула выклік жанчына. Сьвятлана не зьбіралася ісьці ў палітыку. Але калі яе муж вырашыў балятавацца ў прэзыдэнты і быў арыштаваны, яна мужна стала на яго месца. Улады не ўспрымалі яе ўсур’ёз і заплацілі вялікую цану.

Выбары выйграла Сьвятлана. Рэжым не пагадзіўся з воляй народу і пры падтрымцы Масквы пачаў тэрарызаваць беларусаў. Сьвятлана працуе для сваіх людзей. Яна стала сапраўдным лідэрам у вачах беларусаў і ўсяго сьвету. Яна стварае будучыню дэмакратычнай Беларусі, увесь час перажываючы страх і траўмы».

Натальля Пінчук 2022
Натальля Пінчук 2022

Пінчук адзначыла, што ведае, як цяжка заставацца моцнай, калі муж у турме.

Ціханоўская зазначыла, што сытуацыя ў Беларусі і Ўкраіне сёньня зьяўляецца выпрабаваньнем на ляяльнасьць для сьвету.

«Калі мы бралі шлюб, мы кляліся ў вернасьці адно аднаму. Наколькі моцны шлюб паміж дэмакратыяй і свабодай? Мы, жанчыны, застаемся вернымі сваім мужам, якіх дыктатар узяў у закладнікі і катуе. Наша краіна і наш народ таксама закладнікі. Але народ Беларусі застаецца верным ідэалам дэмакратыі. Мы хочам свабоды для нашых мужоў. Мы хочам свабоды для нашай краіны».

Натальля Пінчук заявіла, што рэжым Лукашэнкі адпраўляе ў турмы ўсіх нязгодных, а наступствам можа стаць страта Беларусьсю незалежнасьці; што працягваецца перасьлед беларусаў за падтрымку Ўкраіны, антываенную пазыцыю, абарону беларускай культуры, тоеснасьці, мовы.

Ціханоўская сказала, што «барацьба за незалежнасьць ад імпэрскай Расеі — гэта таксама барацьба за свабоды і правы чалавека».

«І барацьба з прарасейскай дыктатурай у Беларусі — гэта ўклад у перамогу вольнай Украіны», — дадала палітык.

Натальля Пінчук пры гэтым заявіла, што перамены ў Беларусі — задача саміх беларусаў.

«Мы пачалі гэтую барацьбу, мы яе скончым. Але шлях мірнага, негвалтоўнага супраціву, які мы выбралі, будзе пасьпяховым толькі пры моцнай міжнароднай падтрымцы і салідарнасьці».

Ціханоўская адзначыла, што «беларусы ўжо зрабілі свой выбар — выбар свабоднай эўрапейскай дэмакратычнай і стабільнай будучыні». Яна заклікала міжнародную супольнасьць дапамагчы беларусам абараніць свой выбар і вярнуць краіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG