Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Зэльве зьнік помнік Ларысе Геніюш, нягледзячы на ранейшыя заявы ўладаў

абноўлена

Помнік беларускай паэтцы і вязьню ГУЛАГу Ларысе Геніюш у ў Зэльве. Архіўнае фота
Помнік беларускай паэтцы і вязьню ГУЛАГу Ларысе Геніюш у ў Зэльве. Архіўнае фота

Зэльвенскі райвыканкам у адказе прарасейскай актывістцы напісаў, што зносу не адбудзецца, але 30 сакавіка помнік зьнік.

У Зэльве цішком дэмантавалі помнік Ларысе Геніюш, які стаяў пры мясцовай царкве. Хто аддаў загад на яго ліквідацыю — царкоўныя ўлады ці прадстаўнікі дзяржаўнай вэртыкалі — пакуль невядома. Пра дэмантаж паведаміў унук славутай паэткі Міхась Геніюш, які даслаў у рэдакцыю Радыё Рацыя сьвежае фота месца, дзе стаяў помнік.

29 сакавіка прайшла інфармацыя, што помнік прыбіраць ня будуць, паколькі дэмантаж не адпавядае заканадаўству. Пра гэта гаварылася ў адказе Зэльвенскага райвыканкаму. Аднак затым помнік прапаў.

У Зэльвенскі райвыканкам патэлефанаваў чытач «Нашай нівы». Начальніца аддзелу ідэалягічнай работы райвыканкаму Галіна Раманчук у тэлефоннай гутарцы зь ім сказала, што не валодае інфармацыяй пра тое, дзе знаходзіцца помнік, бо раённая ўлада да помніка ня мае ніякага дачыненьня.

Пры гэтым чыноўніца настойліва рэкамэндавала не тэлефанаваць у царкву, каб дамовіцца пра выкуп помніка.

«Ня варта вам туды званіць, бо гэтае пытаньне вы дакладна ня вырашыце. Нават не абцяжарвайце сябе. Помнік знаходзіцца ва ўласьніка, і ён не плянуе рабіць захады па яго продажы. Я думаю, калі ён ва ўласьніка, то ён патрэбны ўласьніку», — даводзіла чыноўніца.

Але на пытаньне пра асобу ўласьніка чыноўніца не адказала нічога пэўнага.

Датэлефанавацца да настаяцеля Сьвята-Траецкай царквы не ўдалося.

У Гарадзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы пытаньню пра зьнікненьне помніка зьдзівіліся і перапыталі, ці дакладна яго прыбралі.

Помнік Ларысе Геніюш пры зэльвенскай царкве паставілі з дабраславеньня мітрапаліта Філарэта ў 2003 годзе. Манумэнт афіцыйна належыць Беларускай праваслаўнай царкве.

Помнік Геніюш патрабавала зьнесьці прарасейская актывістка з Горадні Вольга Бондарава, але ёй у афіцыйным адказе адмовілі.

Гэта ўжо ня першы прыклад антыбеларускай дзейнасьці Вольгі Бондаравай. Летась у лістападзе яна паведаміла, што дзякуючы супрацоўніцтву з уладамі з мэмарыяльнай зоны перад будынкам прыватнага музэю Анатоля Белага ў Старых Дарогах былі выдаленыя партрэты паэткі Натальлі Арсеньневай, Ларысы Геніюш, братоў Луцкевічаў, Кастуся Каліноўскага, дзеячоў БНР і БЦР.

Летам 2022 году яна дамаглася, што Горадзенскі аблвыканкам адмяніў рашэньне аб наданьні Астравецкай бібліятэцы імя слыннага беларускага навукоўца Адама Мальдзіса.

  • Ларыса Геніюш (1910 — 1983) — беларуская паэтка, дзяячка беларускага адраджэньня. Захавальніца архіваў БНР. Разам з мужам была пазбаўленая чэскага грамадзянства і выдадзеная ў СССР, грамадзянства якога, нягледзячы на катаваньні і лягеры, так і не ўзяла.
  • Помнік Ларысе Геніюш пры зэльвенскай царкве паставілі з дабраславеньня мітрапаліта Філарэта ў 2003 годзе. Манумэнт фактычна належаў Беларускай праваслаўнай царкве.
  • Помнік Геніюш патрабавала зьнесьці прарасейская актывістка з Горадні Вольга Бондарава, але ёй у афіцыйным адказе адмовілі.
  • Зэльвенскі райвыканкам у афіцыйным адказе напісаў, што помнік прыбіраць ня будуць, бо дэмантаж не адпавядае заканадаўству. Аднак 30 сакавіка помнік прапаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG