Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шанцаў мала ў гэтых агрэсараў». Вялікая размова зь Лявонам Вольскім пра жыцьцё, музыку і Беларусь


Лявон Вольскі
Лявон Вольскі

Музыка расказаў пра тое, чаму больш ня будзе граць з N.R.M., ці вернецца ў Беларусь і як перажывае ўсё тое, што цяпер адбываецца ў сьвеце.

«Выказвацца можна і адсюль, і песьні можна працягваць пісаць»

З пачатку рэпрэсій у 2020 годзе Лявон Вольскі езьдзіў на канцэрты ў Літву і Польшчу, але вяртаўся ў Беларусь. А канчаткова зьехаў разам з жонкай і прадусаркай Янай Вольскай улетку 2021 году.

«Мы прыехалі ў Варшаву на канцэрт, зьезьдзілі на мора, блукалі па знаёмых, па гатэлях, усё было ў нас у багажніку, — усьміхаецца Лявон. — Далей былі яшчэ нейкія канцэрты. А потым пачаліся рэпрэсіі ў бок музыкаў, і мы падумалі, што, можа быць, яшчэ нам на пару месяцаў адкласьці ад’езд у Беларусь. Ну і музычнае, мастацкае жыцьцё ў Беларусі звузілася да такога памеру, што цяжка растлумачыць. А проста сядзець там і пратэставаць, што вось ты не выяжджаеш, было, на мой погляд, бяз сэнсу».

Жыцьцё пасьля пераезду ў Польшчу асабліва не зьмянілася, кажа Лявон.

«Дзень праходзіць так, як у Менску. Проста жывём, граем, пішам песьні, матэрыялы ў сацыяльныя сеткі, шпацыруем, езьдзім па гіпэрмаркетах, у парк. Усё тое ж самае, толькі больш спакойны фон. Я лічыў, што проста знаходжуся на працяглых гастролях, але зацягнуліся ўсе гэтыя праблемы беларускія, яшчэ і ўскладніліся вайной і ўдзелам у ёй».

Раней Лявону даводзілася жыць за мяжой па пары месяцаў і болей, таму да цяперашняга пераезду ён трагічна ня ставіцца.

«Гераічна пратэставаць у Менску ўсё жыцьцё, быць у „чорным сьпісе“, іграць падпольныя канцэрты, праходзіць з гітарай побач зь нейкай рэстарацыяй і зайсьці зайграць — гэта ўсё забаўна, клясна, але калі гэта ўсё расьцягваецца на дзесяцігодзьдзі, то гэта завядзёнка, да якой цяжка прызвычаіцца, ну і сэнсу няма ў гэтым. Выказвацца можна і адсюль у сацыяльных сетках, і песьні можна працягваць пісаць. Тое, што гавораць, маўляў, адарваны ад радзімы, ня так пішацца, то такое было ў мяне раней у 1995 годзе, калі я быў некалькі месяцаў у Францыі. Сапраўды тады былі нейкія кавалачкі песень не такія. Але цяпер ня тая сытуацыя, цяпер значна ўсё бліжэй».

Кантэкст эміграцыі, безумоўна, неяк зьменіць творчасьць, кажа Лявон. Музыка прызнае, што будуць нейкія адмысловыя тэмы, якія справакаваныя знаходжаньнем у Эўропе ці ў Злучаных Штатах.

«Але так ці інакш усё мяняецца, усё ўплывае на тэмы, на творчасьць, на песьні, на прозу, на выяўленчае мастацтва. І каб я знаходзіўся ў Менску, то таксама ўсё б мянялася».

«Шанцаў мала ў гэтых агрэсараў»

Музыка кажа, што захоўваць аптымізм значна прасьцей за мяжой, чым у Беларусі.

«Там ты сядзіш дома і чакаеш, калі па цябе прыйдуць нарэшце. А яны ўсё не прыходзяць, і ты думаеш: „Ну хутчэй бы яны ўжо прыйшлі! Дастала ўжо гэтае чаканьне“. Яны ж павінны прыйсьці, я ж не маўчу ў фэйсбуку, а людзей за адзін лайк саджаюць. У Беларусі ў мяне таксама быў аптымізм, хаця там ты ўвесь час на нэрвах знаходзісься».

Лявон Вольскі ня лічыць, што такімі мэтадамі, якімі цяпер усталёўвае стабільнасьць беларуская ўлада, можна доўга пратрымацца.

«Гэта ня можа расьцягнуцца на дзесяцігодзьдзі ў любым выпадку. Цяпер усё абцяжарана гэтай вайной і ўсё залежыць, безумоўна, ад ходу баявых дзеяньняў. Але ўсё роўна Расея захрасла безнадзейна і дапамога Лукашэнкі нічога асабліва ня вырашыла ў гэтай сытуацыі. Так што, мне задаецца, шанцаў мала ў гэтых агрэсараў. Хіба што пойдзе па зусім абсурдным сцэнары, зь ядравай зброяй. Але тады, дзе ты знаходзісься, усё роўна».

Шырокіх кантактаў з Украінай у апошнія гады ў Вольскага не было. У 2012 і ў 2017 гадах Лявон з гуртамі выступаў на фэстывалі “Захід”, а ў 2014 годзе з “Крамбамбуляю” быў вялікі выступ на Майдане. Пры гэтым музыка працягвае кантактаваць зь некаторымі творцамі.

«Ёсьць такі гурт „Без обмежень“, я для іх перакладаў куплет песьні „Жыве Беларусь“, якую яны рабілі ў падтрымку беларусаў. Пасьля пачатку вайны і ўдзелу Беларусі (у расейскім уварваньні. — РС) яны ўсе стасункі перарвалі, але гэта толькі яны. Прыяжджаў сюды Сяргей Жадан, мы сустракаліся, разам выконвалі „Я рок-музыкант“, усё выдатна прайшло. Усё клясна, мы паразмаўлялі, ён запрашае нас у Львоў».

«Пастаянна былі нейкія праблемы з канцэртамі ў Беларусі»

Унутры краіны застаюцца маладыя таленавітыя выканаўцы, але Лявон зазначае, што за мяжой у беларускіх музыкаў цяпер лепшы канцэртны графік, чым быў у Беларусі.

«Гэта сумна, але гэта факт. Там пастаянна штосьці перашкаджала, там цёткі з прычоскамі „гняздо“, нейкі „зампрэд“ чагосьці, які скажа: „А эта што такое?! Прыедуць сюды валасатыя, лысыя какіе-та, а ешчо і матам ругаюцца са сцэны! Вы што, с ума сашлі, што лі?“ І пастаянна былі нейкія праблемы з канцэртамі ў Беларусі, пачынаючы недзе з 1995 году, калі была першая забарона ўдзелу рок-музыкаў у фэстывалі „Магутны Божа“. А з 2004-га гэта было проста пастаянна».

За мяжой няма ідэалягічнага ціску: ты альбо зьбіраеш канцэрт, альбо не, прызнаецца Лявон.

«У Беларусі, калі мы рабілі пасьля перапынку тур з гуртам VOLSKI, мы бачылі, што моцна народ адвык ад самога фармату, увесь графік канцэртаў забіты зоркамі з Расеі. А нас не паказваюць па тэлевізіі, не трансьлююць па радыё, ня пішуць у газэтах, у „Советской Белоруссии“, хіба што мы „враги народа“. Аказалася, што калі ў Беларусі 300 чалавек на канцэрце — гэта супэр, вельмі клясна. А калі ў Горадні 500 — гэта проста страшная перамога».

Ці вернуцца музыкі ў Беларусь, калі яна стане дэмакратычнай? На думку Лявона Вольскага, большасьць музыкаў усё ж вернуцца ў Беларусь.

«Асабліва тыя, хто піша музыку, працуе з мовай. Мне здаецца, што месца ўсё ж такі там. А вось лекару куды вяртацца? Калі ён памятае, як гэта было ў Беларусі: яму трэба было запаўняць стосы папераў, ціснуў які-небудзь галоўны доктар, палітыка і ўсё разам. Безумоўна, чалавек зь сям’ёй выяжджае, потым год, два, тры, пяць і ён думае: „Што, я зноў паеду ў гэта ўсё?!“ Бо пакуль мы будзем праходзіць гэтую шокавую тэрапію з нуля, усё пачне станавіцца на нармальныя рэйкі, для гэтага таксама мусіць быць час нейкі».

«Засталіся там выканаўцы на ўзроўні вясковай самадзейнасьці»

Музыка лічыць, што адарвацца ад расейскага кантэксту, калі Беларусь стане дэмакратычнай, можна будзе вельмі хутка. Пры ўмове, што ўсё будзе добра з эканомікай.

«Калі будзе нейкая дапамога Эўропы, эканамічная схема. Не такая, як цяпер саўгасныя хітрыкі: у гэтага вазьму, гэтаму не аддам, там пакраду. Звычайны калгасна-саўгасны варыянт, усе вельмі хітрыя дурні. Шоў-бізнэс штучна ў Беларусі рабіўся дзяржаўным, а калі ты не ў абойме — усё. Наколькі гэта ўсё было хістка, што за адзін сэзон гэта ўсё развалілася і засталіся там выканаўцы на ўзроўні вясковай самадзейнасьці. „Чорны сьпіс“ пашырыўся да ўсіх музыкаў, якія былі ў Беларусі фактычна, апроч пары фрыкаў, якія нічога ня ўмеюць. Але цяпер яны „Песьня году Беларусі“, бо няма ж з чаго выбіраць».

«Нашыя шляхі вельмі даўно ў розных кірунках ідуць»

У 2020-м Лявон Вольскі разам з N.R.M. выканалі легендарную песьню «Тры чарапахі». Гэта была адмысловая акцыя, каб паказаць, што можа быць інтэграцыя, кажа музыка. Тое, што магчымае ўзьяднаньне з N.R.M. дзеля нейкага канцэрту, Лявон катэгарычна адмаўляе.

«Цяпер у гэтым няма сэнсу ніякага. Абсалютна я пра гэта ня думаю. Нашыя шляхі вельмі даўно ў розных кірунках ідуць, для мяне гэта абсалютна ня блізкія людзі. Калі я слухаю тое, пра што яны пішуць, для мяне гэта чужое».

«Практычна ўсе знакамітасьці паходзяць зь Беларусі»

Зараз Лявон працуе над новым альбомам, а таксама другім сэзонам сэрыялу ў жанры гістарычнага мак’юмэнтары (псэўдадакумэнтальны фільм. — РС)"Беларускі сьлед«.

«Жонка падказала, што можна рабіць пра беларускае паходжаньне. І тут мы неяк пасядзелі, падумалі, першы трапіўся Напалеон Банапарт. Канечне, ён жа беларус, — сьмяецца Лявон. — На цяперашні момант гэта вельмі пэрспэктыўны занятак — расказваць людзям, што практычна ўсе знакамітасьці сусьветныя паходзяць зь Беларусі».

Лявон падкрэсьлівае, што ў другі сэзон будзе цалкам пра жанчын.

«У нас атрымаўся такі гендэрны фашызм, што ніводнай жанчыны, а дзесяць выпускаў пра мужчын было. Мы падумалі, што гэта нейкі кашмар, хаця нам ніхто ня ўказваў на гэта, не напісаў, што дзіўна. І вось другі сэзон у нас будзе цалкам пра жанчын, беларускі славутыя нашы там».

24 сакавіка ў Вільні адбудзецца канцэрт Лявона Вольскага, на падрыхтоўцы да якога музыка цяпер цалкам сканцэнтраваны.

«Будзе досыць стракатая праграма, рэпэртуар абсалютна розных гадоў, розных праектаў. Будуць запрошаныя госьці, дакладна магу сказаць толькі пра Паўла Аракеляна, ён сыграе некалькі песень з намі, за старое возьмемся. Будзе яшчэ адзін вельмі слынны, пасьпяховы і сур’ёзны літоўскі выканаўца».

Лявон Вольскі перакананы, што Беларусь чакае бліскучая будучыня, калі адэкватныя людзі будуць ва ўладзе, а нармальныя эканамісты будуць плянаваць жыцьцё краіны.

«У нас на старце ўсё было лепей, чым у Польшчы ў канцы 80-х. Потым я быў сьведкам, як усё пайшло ў Польшчы і як у нас. Ёсьць толькі адна мадэль, якую можна выкарыстоўваць: каб не было сяродкавых „крыху Савецкага Саюзу“, бо як толькі будзе такое, усё будзе развальвацца. Толькі адзін ёсьць шлях — гэта шокавая тэрапія, перажыць тры гады — і ўсё ідзе нармальна тады».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG