Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЗС Польшчы заявілі, што ім удалося дамагчыся вызваленьня ў Беларусі 10 палітвязьняў


Павэл Яблоньскі
Павэл Яблоньскі

Намесьнік міністра замежных спраў Павэл Яблоньскі заявіў, што дзякуючы Польшчы разьвіваецца міжнародны ціск на Беларусь з мэтай вызваленьня палітвязьняў.

Павэл Яблоньскі ў этэры Polskie Radio падкрэсьліў, што хаця дыпляматычныя намаганьні ў сувязях зь Беларусьсю ненадзейныя, Польшчы ўдаецца дасягнуць пэўных посьпехаў у справе вызваленьня некаторых палітвязьняў, пераважна беларускіх палякаў:

«Нам удалося дасягнуць мэты ў выпадку нават звыш дзесяці чалавек. Я не хачу гаварыць пра дэталі гэтых справаў, таму што кожны раз патрэбен быў індывідуальны падыход. У выпадку такіх перамоваў трэба быць асьцярожным. Найважней пасьпяховасьць, дасягненьне вызваленьня палітвязьняў.

Я цяпер гавару пра палякаў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах, бо гэта для нас прыярытэт, але нам трэба памятаць, што па палітычных матывах зьняволены ў Беларусі больш за 1500 чалавек».

У сакавіку 2021 году стала вядома пра так званую «польскую справу». Тады затрымалі Анджэя Пачобута, а таксама трох прадстаўніц незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) зь Ліды, Ваўкавыску і Берасьця — Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву. За два дні да гэтага затрымалі старшыню СПБ Анжаліку Борыс. Усіх абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці», артыкул прадугледжваў да 12 гадоў турмы.

Праз два месяцы Бярнацкую, Цішкоўскую і Панішаву вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Іх адвезьлі зь СІЗА на беларуска-польскую мяжу. Цяпер жанчыны жывуць у Варшаве і Беластоку. Яны застаюцца абвінавачанымі. Прадстаўніцы СПБ займаюцца сямейнымі і грамадзкімі справамі, але пазьбягаюць камэнтароў.

Марыя Цішкоўская, Ірэна Бярнацкая і Ганна Панішава у Польшчы пасьля вызваленьня
Марыя Цішкоўская, Ірэна Бярнацкая і Ганна Панішава у Польшчы пасьля вызваленьня

Вядома, што Анджэю Пачобуту таксама рабілі падобную прапанову вызваленьня, але ён адмовіўся, бо не хацеў выяжджаць зь Беларусі.

Анжаліку Борыс выпусьцілі зь СІЗА праз год пасьля затрыманьня. Яе адвезьлі да маці ў вёску пад Горадняй. Ужо празь некалькі дзён старшыня СПБ вярнулася дадому ў Горадню, дзе жыла раней, да затрыманьня.

У сярэдзіне сакавіка Эўрапарламэнт у спэцыяльнай рэзалюцыі заклікаў беларускія ўлады вызваліць Алеся Бяляцкага, а таксама польскага журналіста Анджэя Пачобута і ўсіх іншых палітвязьняў.

Са жніўня 2020 году Эўразьвяз уводзіць чарговыя пакеты санкцый супраць фізычных і юрыдычных асоб, адказных за ўнутраныя рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, а таксама ў адказ на ўцягваньне краіны ў вайну Расеі супраць Украіны.

Санкцыі заключаюцца ў забароне на ўезд у ЭЗ і замарожваньні актываў фігурантаў санкцыйнага сьпісу, цяпер яны датычацца 195 чалавек, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, і замарозцы актываў 34 суб’ектаў.

9 лютага Польшча абвясьціла аб закрыцьці памежнага пераходу ў Баброўніках, апошняга з адкрытых у Горадзенскай вобласьці, «у сувязі з інтарэсамі дзяржаўнай бясьпекі». Гэта стала рэакцыяй на вынесены прысуд у выглядзе 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму актывісту польскай меншасьці і журналісту Анджэю Пачобуту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG