29 сакавіка Міністэрства здароўя Беларусі ладзіць сэмінар «Інавацыйныя падыходы да раньняй дыягностыкі і суправаджэньня дзяцей з аўтызмам». Сэмінар пройдзе на базе Беларускай мэдыцынскай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі. На яго запрасілі навукоўцаў, пэдагогаў, псыхолягаў, лекараў і бацькоў дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця.
Сярод дакладчыкаў у праграме сэмінару заяўлена «па ўзгадненьні» Вольга Філістовіч, дырэктарка Цэнтру прыкладнога аналізу паводзін «Мэтад АВА». Тэма яе дакладу — «Псыхакарэкцыйныя мэтодыкі, якія ўжываюцца ў працы зь дзецьмі з РАС (разлад аўтыстычнага спэктру»).
Магчымы ўдзел Вольгі Філістовіч у сэмінары абурыў бацькоў дзяцей з асаблівасьцямі і лекараў. Яны падрыхтавалі калектыўны зварот да Міністэрства аховы здароўя.
Аўтары звароту пішуць, што «да глыбіні душы абураныя» тым, што сярод удзельнікаў мерапрыемства ёсьць такая асоба, як Вольга Філістовіч. Яны просяць зьвярнуць увагу на гэтую дакладчыцу і яе скандальныя выказваньні ў верасьні 2022 году.
«Выказваньні супярэчаць навукова абгрунтаваным тэорыям»
Вольга Філістовіч прэзэнтуе сябе як пэдагога, лягапэда, дырэктара Цэнтру прыкладнога аналізу паводзін «Мэтад АВА». Яна ня толькі працуе з дзецьмі, але і выступае з курсамі, якія распаўсюджваюць псэўданавуковыя тэорыі. Напрыклад, выступаючы перад баранавіцкімі школьнікамі, Філістовіч сьцьвярджала, што «аўтызм — гэта мутацыя, якая адбываецца падчас неўпарадкаваных полавых зносін», «калі ў вас дзіця з аўтызмам, магчыма, у гэтым вінаватыя ваш дзед альбо прадзед, які вёў неўпарадкаванае полавае жыцьцё».
Таксама Вольга Філістовіч казала, што «жанчыны атрымліваюць гены ўсіх мужчын, зь якімі калі-небудзь быў сэксуальны кантакт». Выступ у Баранавічах абурыў грамадзкасьць. У Міністэрства адукацыі накіравалі зварот ад бацькоў дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця, які падпісалі 2 228 чалавек. А таксама зварот ад лекараў, псыхолягаў, пэдагогаў, іншых спэцыялістаў, якія працуюць з дзецьмі з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця і членамі іх сем’яў. Яго падпісалі 1 254 чалавекі.
Па выніках праверкі Міністэрства адукацыі дало адказ. Спэцыялісты ведамства зазначылі, што «выказваньні Філістовіч аб этыялёгіі ўзьнікненьня аўтызму супярэчаць існым навукова абгрунтаваным тэорыям і сучаснай практыцы навучаньня, сацыялізацыі дзяцей з аўтызмам», «зьмест гэтых выказваньняў супярэчыць дзяржаўнай палітыцы ў сфэры адукацыі».
Міністэрства адукацыі накіравала ліст Вользе Філістовіч, дзе папярэдзіла пра недапушчальнасьць выкарыстаньня ў публічных выступах «выказваньняў дыскрымінацыйнага, абразьлівага характару ў адрас дзяцей з разладам аўтыстычнага спэктру, фармаваньне нэгатыўнага вобразу чалавека з аўтызмам».
Апроч гэтага, Мінадукацыі прыцягнула да дысцыплінарнай адказнасьці некаторых пэдагогаў з баранавіцкай школы.
«Ні цяпер, ні ў далейшым мы ня будзем пакідаць без увагі, што службовая асоба, якая прапагандуе антынавуковыя, дыскрымінацыйныя, прыніжальныя выказваньні, разглядаецца ў якасьці запрошанай на мерапрыемства такога высокага ўзроўню, фактычна прымаючы ўдзел у фармаваньні дзяржаўнай палітыкі», — напісалі аўтары звароту ў Міністэрства аховы здароўя.