Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская: «Лукашэнка неаднаразова парушаў Канстытуцыю і зрабіў гэта яшчэ раз, пазбавіўшы краіну нэўтральнага і бязьядзернага статусу»


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Ціханоўская пракамэнтавала пляны Крамля разьмясьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Яна заклікала міжнародную супольнасьць патрабаваць ад Пуціна адмовіцца ад сваіх намераў.

Лукашэнка неаднаразова парушаў Канстытуцыю Беларусі і зрабіў гэта яшчэ раз, пазбавіўшы краіну нэўтральнага і бязьядзернага статусу, адзначыла беларускі дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская.

«І зараз мы бачым, для чаго. Каб дагадзіць Пуціну і яго плянам разьмяшчэньня ядзернай зброі», — падкрэсьліла яна ў сваім тэлеграме.

Паводле яе слоў, Лукашэнка да гэтага крок за крокам уцягваў Беларусь у вайну. Празь яго дзеяньні на беларускай тэрыторыі будзе «ня проста стратэгічны вайсковы абʼект чужой краіны», «цяпер Лукашэнка і Пуцін зрабілі зь Беларусі цэль для ўдару».

«Гэта прамая пагроза жыцьцю і бясьпецы больш за 9 мільёнаў чалавек, — упэўненая палітык. — Прыкрываючыся мірам і сяброўствам, Лукашэнка стварае небясьпеку для ўсяго народу Беларусі».

«Прапаганда можа як заўгодна тлумачыць тое, што адбываецца. Але сутнасьць простая: 27 гадоў у Беларусі не было ядзернай зброі, а зараз яна вернецца. Два дыктатары, якія загуляліся ў вайну, адкідаюць нас на тры дзесяцігодзьдзі назад. Якая яшчэ нагода патрэбная, каб будаваць новую сыстэму бясьпекі рэгіёну?» — задалася пытаньнем Ціханоўская.

Пуцін у паказаным 25 сакавіка інтэрвію тэлеканалу «Расея 24» заявіў, што да 1 ліпеня завершыцца будаўніцтва на тэрыторыі Беларусі спэцыяльнага сховішча для тактычнай ядзернай зброі.

Міністэрства абароны ЗША адзначыла, што «працягне сачыць за сытуацыяй» і пакуль ня бачыць прычын для «карэктаваньня ўласнай стратэгічнай ядзернай пазыцыі», як і «гатоўнасьці Расеі прымяніць ядзерную зброю».

Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны ў сваёй новай справаздачы адзначыў, што Пуцін, верагодна, плянаваў разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі яшчэ да ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году. Цяпер ён абвясьціў пра гэта, каб «правесьці тэрміновую інфармацыйную апэрацыю» для маніпуляваньня Захадам.

Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасьць запатрабаваць ад Пуціна адмовіцца ад плянаў па разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі, увесьці «адэкватныя і суровыя санкцыі ў дачыненьні рэжымаў» у Менску і Маскве «як прамых пагроз міжнароднаму міру і бясьпецы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG