Эксперты-ядзершчыкі скептычна ставяцца да амбіцыйных тэрмінаў, агучаных Пуціным, і адзначаюць, што Расея працуе над стварэньнем сховішча ядзернай зброі ў Калінінградзе ўжо як мінімум 7 гадоў, і да гэтага часу незразумела, ці прыбылі туды бомбы, піша выданьне The Guardian.
Да сёньня не знайшлі ніякіх спадарожнікавых здымкаў, якія маглі б сьведчыць аб тым, што нешта падобнае будуецца ў Беларусі, адзначае выданьне.
«Я агледзеў некаторыя імаверныя базы і ня ўбачыў нічога, што паказвала б на будаўніцтва ядзернага сховішча, — сказаў Ханс Крыстэнсэн, дырэктар праекту па ядзернай інфармацыі ў Фэдэрацыі амэрыканскіх навукоўцаў. — Але выключаць гэтага нельга».
Старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту дасьледаваньня праблем раззбраеньня ААН у Жэнэве Павел Подзьвіг, нягледзячы на апошнія камэнтары Пуціна, таксама лічыць малаверагодным, што Расея сапраўды перамесьціць ядзерныя боегалоўкі ў Беларусь.
Паколькі, як сказаў Подзьвіг, расейскія ядзерныя сховішчы настолькі складаныя, ён сумняваецца, што аб’ект у Беларусі можа быць гатовы прыняць іх да ліпеня. Нават калі Расея перадасьць зброю Беларусі, дадаў ён, узровень ядзернай пагрозы істотна ня зьменіцца.
«Гэта, вядома, не пазытыўная падзея, але, пакуль зброя знаходзіцца на захоўваньні, пагроза не зьяўляецца непасрэднай, — сказаў Подвіг у камэнтары The New York Times. — Так, тэарэтычна Расея можа дасягнуць больш цэляў зь Беларусі, але зьмены будуць нязначнымі».
Пра адсутнасьць фактаў, якія пацьвярджаюць абсталяваньне ў Беларусі сховішча для ядзернай зброі, з спасылкай на свае зьвесткі, заявіў і незалежны абаронны аналітык, дырэктар кампаніі Rochan Consulting Конрад Музыка.
«Мы таксама назіралі за Беларусьсю цягам некалькіх месяцаў і нічога не знайшлі. Гэта ня значыць, што нічога не адбываецца, імавернасьць таго, што нехта ўжо штосьці знайшоў ці расказаў пра гэта, даволі высокая», — напісаў Музыка.
25 сакавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што Расея разьмесьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Паводле Пуціна, Аляксандар Лукашэнка даўно прасіў яго разьмясьціць такую зброю ў краіне.
Як заявіў прэзыдэнт Расеі, будаўніцтва ў Беларусі сховішча тактычнай ядзернай зброі павінна быць завершана да 1 ліпеня. Акрамя таго, Беларусі перададзены ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і самалёты, якія могуць несьці ядзерныя ракеты.