«Разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі будзе азначаць безадказную эскаляцыю і пагрозу эўрапейскай бясьпецы. Беларусь яшчэ можа гэта спыніць, гэта яе выбар», — напісаў Бурэль на сваёй старонцы ў Твітэры.
25 сакавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што Расея разьмесьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю.
Паводле Пуціна, Аляксандар Лукашэнка даўно прасіў яго разьмясьціць такую зброю ў краіне. Як заявіў прэзыдэнт Расеі, будаўніцтва ў Беларусі сховішча тактычнай ядзернай зброі павінна быць завершана да 1 ліпеня. Акрамя таго, Беларусі перададзены ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і самалёты, якія могуць несьці ядзерныя ракеты.