Цягам некалькіх тыдняў перад Днём Волі (25 сакавіка) сілавікі практычна штодня ладзілі масавыя затрыманьні і вобшукі ў розных рэгіёнах Беларусі, зьвяртае ўвагу праваабарончы цэнтар «Вясна».
«З 15 сакавіка было асуджана ня менш як 166 беларусаў паводле палітычных артыкулаў, гэта без уліку Менску. Так, рэйды сілавікоў адбываліся ў Пінску, Мёрах, Воршы, Сянно, Глыбокім, Мазыры, Берасьці, Івацэвічах, Лепелі, Полацку, Наваполацку, Гомлі і іншых гарадах», — гаворыцца ў паведамленьні.
Таксама «Вясна» ўспомніла, як праходзіла сьвяткаваньне Дня Волі ў мінулыя гады і якімі рэпрэсіямі на гэта адказвалі ўлады.
Вядома, напрыклад, што ўчора затрымлівалі вядомую грамадзкую актывістку Ніну Багінскую. Яе пратрымалі ў пастарунку РУУС Першамайскага раёну амаль цэлы дзень і выпусьцілі ўвечары.
Дзень Волі — сьвята, якое дэмакратычная грамадзкасьць адзначае з нагоды абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году. Але цяперашнія ўлады гэтую дату ігнаруюць, затое затрымліваюць за нацыянальныя сымбалі.
Сёлета адзначалася 105-я гадавіна незалежнасьці БНР. Адкрыта Дзень Волі сьвяткавалі толькі беларусы за мяжой.